На кантролі кожны метр. Як лясгасы сочаць за сітуацыяй у лясах Мінскай вобласці

11 мая 2023

Напружаная сітуацыя застаецца ў лясных масівах Мінскай вобласці. Усе раёны - у жоўтай зоне: наведванне лясоў абмежавана з-за сухога і ветранага надвор'я.

Супрацоўнікі лясгасаў трымаюць на кантролі кожны квадратны метр гушчароў. У дапамогу ім камеры відэаназірання. Пажарна-тэхнічныя станцыі поўнасцю ўкамплектаваны і гатовы адрэагаваць на ўзгаранне ў лясах. Падрабязнасці ў Ільі Цвяткова.

Наведванне лясоў Мінскай вобласці абмежавана

Для супрацоўнікаў Смалявіцкага лясгаса гарачы ва ўсіх сэнсах сезон ужо стартаваў. З-за мінімальнай колькасці ападкаў у лясным масіве захоўваецца напружаная сітуацыя. За гарызонтам спецыялісты сочаць з дапамогай камер відэаназірання з вышыні птушынага палёту.

Сектары, якія праглядаюцца камерамі, перакрыжоўваюцца, таму кожны метр масіву пад пільным кантролем. Любы, нават ледзь прыкметны дымок над верхавінамі дрэў - нагода выехаць на месца і правесці інспекцыю ўчастка.

Рэагаваць на сігнал трывогі брыгады лясной аховы гатовы ў любую хвіліну. Менавіта яны першымі прыбываюць на месца надзвычайнай сітуацыі і пачынаюць лакалізаваць пажар яшчэ да прыезду МНС. Помпы і ранцавыя вогнетушыцелі запраўлены вадой, хімічная сумесь для тушэння таксама расфасавана па камплектах.

Спецыялісты лясных гаспадарак на дзяжурстве практычна круглыя суткі - угоддзі абыходзяць пешшу і аб'язджаюць на аўтамабілях і матацыклах.

Адначасова вядзецца планавая работа па абнаўленні мінералізаваных пясчаных палос, якія аддзяляюць участкі лесу ад населеных пунктаў. Менавіта яны падчас узгарання дазволяць спыніць распаўсюджанне полымя.

Кантроль ажыццяўляюць таксама і з паветра. Для назірання за сітуацыяй у цяжкапраходных зонах рэгулярна вылятае коптар. Ён дазваляе дэталёва і хутка знайсці каардынаты пажару.

Паводле слоў спецыялістаў, галоўнай прычынай прыродных пажараў па ранейшаму застаецца неасцярожнасць чалавека. Таму лясныя масівы большасці раёнаў краіны ў так званай жоўтай зоне - наведванне гушчароў абмежавана.

Інтэрактыўную карту па сітуацыі ў лясах можна знайсці на сайце Мінлясгаса. У яе варта зазірнуць, перш чым адправіцца на прыроду. Парушальнікаў правілаў наведвання лясоў чакае штраф.