На канферэнцыю Інтэрпала ў Мінску сабраліся праваахоўнікі 28-мі краін

17 июня 2014
Кожная дзясятая цыгарэта ў свеце - кантрафакт. Толькі Еўропа штогод страчвае ад гэтага шэрага рынку 10 мільярдаў еўра. Як змагацца з незаконным абаротам тытуню, абмяркоўваюць сёння ў Мінску. На канферэнцыю Інтэрпала сабраліся праваахоўнікі 28-мі краін. Паводле ацэнак экспертаў, доля беларускіх цыгарэт у агульным аб'ёме кантрафактных, напрыклад, у Літве складае 75%. МУС Беларусі заяўляе аб крыміналізацыі гэтага бізнесу: ён пераходзіць ад рук дробных аптавікоў пад кантроль злачынных груп. Часта гэта дазваляе фінансаваць і іншыя злачынствы.

Майкл Эліс, начальнік субдырэктарата Генеральнага сакратарыята Інтэрпала, кіраўнік праграмы Інтэрпала па барацьбе з кантрафактнай прадукцыяй: Прывяду вам прыклад адной са спраў, з якой я сутыкаўся, калі дзяўчаты з афрыканскіх краін на поўдзень ад Сахары, з'яўляючыся ахвярамі гандлю людзьмі, увозіліся ў краіну. Іх замыкалі іх жа суайчыннікі, якія з'яўляюцца арганізаванай злачыннай групай. Днём гэтыя жанчыны выраблялі кантрафактныя тавары, а ўначы іх прымушалі займацца прастытуцыяй. Тут цэлая чарада злачынстваў. Хаця чалавек, які купляе кантрафактны тавар на вуліцы, не разумее і не бачыць, на што ідуць яго грошы.


Аляксандр Пагоскі, старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах 1-га аддзела 1-га ўпраўлення ГУБЭЗ крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь: Рэспубліка Беларусь дастаткова паспяхова ўжо ўдзельнічала ў правядзенні міжнародных аперацый па барацьбе з кантрафактнай прадукцыяй Чорны Пасейдон. Гэтая аперацыя праводзілася ў маі-ліпені мінулага года. Падчас аперацыі нашымі праваахоўнымі органамі было канфіскавана прадукцыі больш чым на 6 мільярдаў рублёў.


Дарэчы, у Беларусі асноўную долю ў нелегальным абароце тытуню займаюць тавары айчыннай вытворчасці. Сёлета, паводле звестак МУС, канфіскаваныя амаль 22 мільёны шэрых цыгарэт.