У суботу, 6-га чэрвеня, на канале "Беларусь 2" стартуе пазнавальна-забаўнае шоу для і з удзелам дзяцей "Азбука смаку". Кулінарны праект навучыць юных беларусаў не толькі гатаваць і дапамагаць на кухні бацькам, але і шмат чаму іншаму. Чаму, ведае Наталля Бардзілоўская. Яна пабывала на прэзентацыі праграмы.
Праграма для ўдзельнікаў ад 6 да 12. У фармаце вясёлай тэлегульні - вырашэнне сур'ёзнай задачы: як прывіць юным беларусам культуру правільнага харчавання і з малых гадоў прывучыць да здаровай і карыснай ежы. Дарэчы, дзень для прэзентацыі цыкла - сённяшні - выбраны як нельга ўдала. 1 чэрвеня не толькі Міжнародны дзень абароны дзяцей, але і Сусветны дзень здаровага харчавання і адмовы ад празмернасцяў у ежы.
Тут усё сапраўднае - ад кухонных прылад, экалагічна чыстых прадуктаў да страў, якія пасля спаборніцтва павінны быць не проста ядомыя, а прыгожыя і смачныя. Абавязковая праграма - два шэдэўры кулінарнага мастацтва, якія павінны прыгатаваць гэтыя маленькія повары. У іх маленькі, а, магчыма, і першы кулінарны вопыт, затое вялізнае жаданне стаць сапраўднымі мамінымі памочнікамі.
Шэф-повару Алегу Сянюце было ўсяго 8, калі пад наглядам маці ён упершыню спёк торт. Удалы вопыт стаў справай жыцця. Пасля кулінарных універсітэтаў у Мінску і Маскве Алег вось ужо 15 гадоў
як галоўны чалавек на кухні аднаго са сталічных рэстаранаў і - упершыню - аўтарытэт на телекухні праекта "Азбука смаку". У студыі ў прафесіянала - двое дарослых памочнікаў-вядучых і шасцёра маленькіх вучняў. Дзве каманды і вялікае, вясёлае спаборніцтва паміж мужчынамі і дзецьмі, якія даказваюць, што гатаванне ім па плячы.
Кухня толькі як падстава сустрэцца і пагутарыць. Адметнасць праекта - тэматычныя дні і асваенне кулінарных традыцый свету. А праз іх урок і геаграфіі, і культуры, і гісторыі розных краін. У планах - рубрыка з удзелам знакамітасцяў: акцёраў, спартсменаў, тэлевядучых, якія распавядуць аб сваіх кулінарных прыхільнасцях і нешта прыгатуюць разам з дзецьмі.
Асновы, неабходныя ў кожнай сям'і. Стваральнікі спадзяюцца, што іх праект дапаможа вырашыць праблемы вечна занятых бацькоў і разагрэтых школьнікамі абедаў.













