На якія льготы можа разлічваць малады спецыяліст з першых дзён працы?

18 сентября 2018

У дзяржаве робіцца максімум для рэалізацыі прафесійных магчымасцяў, раскрыцця талентаў людзей. І не толькі ў сферы мастацтваў. Пры гэтым асаблівы акцэнт на моладзь і новыя кадры. У рамках даручэння Прэзідэнта распрацавана новая праграма па падтрымцы маладых спецыялістаў. Сёлета пасля заканчэння каледжаў, вучылішчаў, універсітэтаў на свае першыя рабочыя месцы прыйшлі больш за 20 тысяч выпускнікоў. Якія ўмовы на месцах для іх ствараюць наймальнікі? На якія льготы можа разлічваць малады спецыяліст з першых дзён працы? З тымі, хто яшчэ ўчора быў студэнтам, а сёння ўжо атрымлівае сваю першую зарплату, пагутарыла Надзея Сербіненка.

Гісторыя маладога спецыяліста Рэгіны - выдатны прыклад хуткага і заслужанага кар'ернага росту. Дзяўчына ўсяго за адзін год ад ткача 4 разраду паднялася да пасады зменнага інжынера па якасці. І зараз ужо сама кантралюе ход вытворчасці адразу ў некалькіх цэхах "Камволя".

Спецыялісты прадпрыемства падлічылі, што калектыў "Камволя кожны год амалоджваецца. Больш за траціну працаўнікоў узростам да 31 года. І кожны год "Камволь" прымае маладых спецыялістаў, выпускнікоў сярэдніх спецыяльных і ВНУ. Сёлета такіх новых кадраў 71.

Малады спецыяліст мае права разлічваць на шэраг гарантый і льгот. У першую чаргу выпускніка павінны прыняць па спецыяльнасці, якая адзначана ў яго накіраванні. Па-другое, новаму работніку наймальнік гарантуе своечасовую аплату працы і некалькі дадатковых дзён да водпуску. І на працягу першага месяца - пад'ёмныя. Даплату ў 20 % ад тарыфнай стаўкі атрымліваюць спецыялісты ў сельскай мясцовасці, 50 % - спецыялісты з банка адоранай і таленавітай моладзі. Па магчымасці прадпрыемства павінна дапамагаць і з вырашэннем жыллёвага пытання.

Вялікі калектыў работнікаў Мінскай вобласці сёлета папоўніўся больш як на 3 тысячы маладых спецыялістаў. З іх траціна зараз працуе ў сельскай гаспадарцы. Яшчэ прыкладна столькі ж - гэта маладыя работнікі сістэмы адукацыі. У калектывы бальніц і паліклінік цэнтральнага рэгіёна сёлета таксама прыбыло. Гэта 400 маладых урачоў і больш за паўтысячы медработнікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Акуліста ў Любанскай раённай бальніцы чакалі доўгія 4 гады. Да гэтага на кансультацыю да афтальмолага прыходзілася ездзіць за 150 кіламетраў. Зараз праверыць зрок з усяго раёна пацыенты прыходзяць ужо да маладога спецыяліста Таццяны Новік.

Два гады ў статусе маладога спецыяліста і ўжо сёння намеснік галоўнага ўрача бальніцы. Гэта рэальная гісторыя кар'ернага росту Мікіты Дрэнчыка. Малады ўрач-рэаніматолаг атрымаў новую пасаду літаральна днямі. Зараз у сям'і Дрэнчыкаў чакаюць двайное папаўненне, а гэта падстава пашыраць жылплошчу.

Сёлета ў бальніцу Любані на свае першыя рабочыя месцы выйшлі 26 маладых спецыялістаў - урачы агульнай практыкі, педыятры, хірург, гінеколаг і неўролаг. І кожны работнік атрымаў ключы ад асабістага арэнднага жылля. Аплата па льготных тарыфах: каля 20 рублёў за месяц. А гэта толькі 10 % ад поўнага кошту. Вось так з утульнага дома і дружнага калектыву і пачынаецца вялікі шлях у прафесіі маладых работнікаў па ўсёй краіне.