На штучным снезе ў Раўбічах ідзе абкатка айчынных пластыкавых лыжаў

13 февраля 2020
Першыя пяць тысяч пар пластыкавых лыж беларускай вытворчасці перададзеныя ў школы і спартыўныя секцыі па ўсёй краіне, у тым ліку у Мінск і Мінскую вобласць. Выпуск айчыннага спартыўнага інвентару для школьнікаў і юных спартсменаў пачаўся тры месяцы таму ў знакамітым пасёлку Целяханы. 

А папярэднічала гэтаму вялікая даследчая праца, ў якой былі задзейнічаныя навукоўцы і выкладчыкі вядучых тэхнічных універсітэтаў. Дарэчы, зараз лыжы абкатваюць ў Раўбічах, дзе створаны трасы са штучнага снегу. Наяўнасць гурбаў дазволіць Раўбічам прыняць чэмпіянат Еўропы па біятлоне. Гэта стала вядома сёння. Пра лыжны сезон нетыповай зімой - у Надзеі Сербіненкі.

Гэты сезон для спартыўнага комплексу "Раўбічы" быў даволі складаны. Сёлета снегу тут было вельмі мала. Як і па ўсёй краіне. Але на дапамогу прыйшлі вось такія снежныя гарматы. І пакрыццё ўсё ж такі ёсць. А якія лыжы падыходзяць для такога пухкага снегу, мы даведаліся ў маладых спартсменаў.

Лыжны сезон у Раўбічах

Зараз у Раўбічах трэніруюцца і спаборнічаюць лыжнікі-юніёры з розных куткоў краіны. Пасля чарговага забегу па схілах спарткомплексу мы сустрэлі дзвюх юніёрак - Елізавету і Кацярыну.

Ад якасці лыжаў, іх падрыхтоўкі, безумоўна, залежыць і вынік на спаборніцтвах. Але пачынаць можна і на паўпрафесійных, простых мадэлях. Дзяўчаты расказалі пра свае першыя лыжы, на якіх яны толькі вучыліся катацца.

Выпуск першых беларускіх пластыкавых лыжаў

Завод "Целяханы", што ў Брэсцкай вобласці, некалькі месяцаў таму перажыў "перазагрузку". Там пачалі выпускаць першыя беларускія пластыкавыя лыжы. 5 тысяч пар ужо былі перададзены ў школы і спартыўныя секцыі па ўсёй краіне, у тым ліку Мінск і Мінскую вобласць. 

У стварэнні лыжаў актыўны ўдзел прымалі навукоўцы і выкладчыкі вядучых тэхнічных універсітэтаў сталіцы. У тым ліку - БДТУ, дзе выкладаюць лепшыя спецыялісты ў галіне вывучэння ўласцівасцяў драўніны.

Беларускія "Целяханы" канкурэнтаздольныя па цане і разлічаны на масавага спажыўца. Ужо распрацавана 16 мадэляў бегавых лыжаў даўжынёй ад аднаго да двух метраў. 

Беларускія лыжы разлічаны на масавага спажыўца

Недарагія беларускія лыжы павінны стаць неад'емным інвентаром у любой спартыўнай зале. Стаць на лыжы на звычайным уроку фізкультуры - вельмі карысны занятак. З гэтага можа пачацца вялікі шлях будучага алімпійскага чэмпіёна.