На ІІ Еўрапейскія гульні без віз. Беларусь рыхтуецца годна прыняць форум

10 июня 2019
Адна з галоўных задач - забяспечыць камфортны рэжым для наведвання нашай краіны ўдзельнікам, балельшчыкам і ўсім ахвочым пазнаёміцца з Беларуссю. І ўжо з сённяшняга дня наведаць рэспубліку балельшчыкі могуць без візы. Турысты, якія будуць знаходзіцца ў краіне больш за пяць сутак, абавязаныя прайсці рэгістрацыю ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі па месцы меркаванага жыхарства або анлайн. Адміністрацыя гасцініц і хостэлаў сама пра гэта паклапоціцца. Калі замежнікі захочуць наведаць Расію, то неабходна атрымаць міграцыйную карту.

Алег Шапяцюк, начальнік аддзела ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама:  "Калі ён перасякае дзяржаўную мяжу, ён заяўляе супрацоўнікам памежнай службы, што плануе таксама наведаць тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, дзе яму ў пункце пропуску выдаецца гэтая міграцыйная карта. Калі ж ён ужо перасек мяжу Рэспублікі Беларусь, заехаў, знаходзячыся тут у Беларусі, выказаў жаданне наведаць тэрыторыю Расійскай Федэрацыі, яму неабходна звярнуцца ў наша падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі, дзе ў яго маецца рэгістрацыя, і атрымаць гэтую міграцыйную карту. Для пазбягання далейшых праблем пры заездзе на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі".