На яго доўгае жыццё прыпалі і жахі вайны і мірная праца

8 мая 2015

Ужо ў 17 гадоў, быўшы памочнікам машыніста, Яўген Чарвякоў  вадзіў на фронт чыгуначныя саставы. Герой Сацыялістычнай працы, ветэран Вялікай Айчыннай адзначыў 90-гадовы юбілей. Сустрэлася з ім  Вольга Маслоўская.

Ён нарадзіўся паблізу ад чыгуначнай станцыі Сіроціна Шумілінскага раёна. І ўжо ў дзяцінстве ведаў, што пойдзе па слядах бацькі - будзе працаваць на чыгунцы. Нават вайна не перашкодзіла здзяйсненню мары. У эвакуацыі ў горадзе Чкалаў скончыў чыгуначнае вучылішча і ўжо ў 17 гадоў Чарвякоў, быўшы памочнікам  машыніста, вадзіў саставы на фронт.

Яму пашанцавала - ён вярнуўся з вайны жывым. З двума медалямі і значком выдатніка чыгункі. Калі жыццё стала на мірныя рэйкі, малады чыгуначнік вярнуўся на радзіму. Стаў працаваць у Віцебскім паравозным дэпо. Вучыўся. Уступіў у рады Камуністычнай партыі. З бліскучымі паказчыкамі завяршыў 8-ю пяцігодку. 9-ю - не горш. Высакакласны спецыяліст, ён не баяўся цяжкасцяў. Яму давяралі выпрабаванне новай тэхнікі.

Чыгунцы Яўген Чарвякоў аддаў паўстагоддзя. Аднойчы падлічыў: за сваю працоўную біяграфію ён праехаў тры мільёны кіламетраў дарог, перавёз 2 мільёны пасажыраў і 25 мільёнаў тон грузаў. І зорка Героя Сацыялістычнай працы на грудзі - напамінак аб працоўных подзвігах.

У гонар 90-годдзя Герой працы і ветэран вайны ўзнагароджаны ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама і напярэдадні 9 Мая да ўзнагарод на кіцелі дадаўся яшчэ адзін медаль - "70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне".