На дарогах сталіцы працуюць дваццаць рамонтных брыгад

11 Сакавіка 2016

З пачатку года дарожныя службы адрамантвалі трыццаць чатыры тысячы квадратных метраў дарожнага пакрыцця. Штодзень на аварыйных участках дарог сталіцы працуюць дваццаць рамонтных брыгад. Найбольш праблемнымі з'яўляюцца ўчасткі швоў на мастах і пуцеправодах. Падрабязней - Наталля Кузьміцкая.

З раніцы да позняй ночы - менавіта ў такім рэжыме штодзень працуюць дарожныя службы. Латаюць асфальт, рамантуюць дарожныя калодзежы і люкі, ліквідуюць наступствы зімы і перападаў тэмператур, характэрных для змены сезонаў.

У Савецкім раёне зараз працуюць 4 брыгады. Большасць ям амаль ліквідавана. Зараз у плане дарожнікаў пераважна невялікія аб’екты па зваротах грамадзян і праблемныя месцы, выяўленыя падчас вясновых аглядаў.

Звярнуць увагу дарожных службаў на аварыйны ўчастак дарог даволі проста. Напрыклад, пакінуць паведамленне на гарадскім партале 115.бел, падмацаваўшы яго фотаздымкам з указаннем дакладнага месцазнаходжання выбоіны.

Тэрмін выканання рамонтных работ у залежнасці ад становішча дарожнага пакрыцця - ад сутак да двух дзён. Дарэчы, на 2016 год ужо вызначаны вуліцы, дзе неабходна і поўная замена асфальту.

З надыходам стабільных плюсавых тэмператур пачнуць ліквідаваць разломы і каляіны на дарозе. Да таго ж дарожныя службы далучацца і да агульнагарадской акцыі навядзення парадку і чысціні. Рамонт прыпыначных павільёнаў, фарбаванне лавак, замена сметніц. Генеральная ўборка Мінска пачнецца 15 сакавіка і прадоўжыцца месяц.