На дзявяты дзень пасля Вялікадня мы ўшаноўваем сваіх продкаў

15 апреля 2018

Сённяшні дзень - гэта яшчэ і пачатак працяглых выхадных напярэдадні Радаўніцы. Гэта ўжо стала традыцыяй. На дзявяты дзень пасля Вялікадня мы ўшаноўваем сваіх продкаў.

Сёлета ён выпадае на 17 красавіка. Дзень ушанавання памерлых, мабыць, адзіны народны звычай, які з часам прызнала і царква, зрабіўшы яго агульнацаркоўным святам. На Радаўніцу прынята наведваць храмы, дзе ў гэты дзень праходзяць усяленскія паніхіды, а таксама магілы родных і блізкіх.

Вялікія выхадныя мы атрымліваем, каб у кожнага з'явілася магчымасць вярнуцца на сваю малую радзіму, ушанаваць памяць продкаў і наведаць могілкі. На Радаўніцу людзі прыязджаюць нават у адселеныя пасля Чарнобыля вёскі.

Гэта асаблівы час. Калі ў мітусні сярод штодзённых спраў і клопатаў варта спыніцца, звярнуць свае думкі і позіркі да сваіх каранёў, да таго, што ёсць нашы вытокі, што трымае нас на гэтай зямлі.