На чэмпіянат свету акрэдытавана больш за 400 журналістаў

7 мая 2014
Звыш 2 тысяч замежных балельшчыкаў ужо прыехалі ў Беларусь на чэмпіянат свету па хакеі. Пра гэта сёння журналістам распавёў Яўген Ворсін, кіраўнік дырэкцыі па правядзенні хакейнага першынства. Госці скарысталіся правам бязвізавага ўезду ў нашу краіну. Для іх на мяжы прадугледжаны асобны транспартны калідор. Колькі ўсяго турыстаў прыехала ў Мінск, сказаць складана, паколькі на мяжы з Расіяй кантрольна-прапускных пунктаў няма.

Што тычыцца прадстаўнікоў СМІ, то на чэмпіянат свету акрэдытавана больш за 400 журналістаў. Сёння міжнародныя спецыялісты правяраюць на гатоўнасць да матчаў абедзве арэны, а ў продажы застаецца каля 100 тысяч білетаў, так што набыць запаветныя квіткі ўсё яшчэ цалкам рэальна.


Яўген Ворсін, дырэктар УП Дырэкцыя па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014: Учора рэферы, супервайзер прыбылі да нас у краіну. Яны паглядзелі абедзве арэны і засталіся вельмі задаволеныя тым, як працуе ўся сістэма, пачынаючы ад статыстыкі да брыгады судзейскай, усе сістэмы відэагола, сістэма камунікатыўнай сувязі.


Аляксандр Цішчанка, прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі: Перасячэнне мяжы забяспечваецца вельмі хутка і камфортна з улікам тых момантаў, якія мы забяспечылі ў рамках папярэдняга паведамлення. На межах працуюць базы білетныя акрэдытацыйныя, таму любое пытанне можна аператыўна ўдакладніць, ніякіх праблем ва ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату свету не ўзнікала на мяжы.


І сёння журналістам прэзентавалі памятныя манеты да чэмпіянату свету па хакеі. Набыць можна сярэбраныя і медна-нікелевыя сувеніры, усяго 2 віды: з выявай Мінск-Арэны і Чыжоўка-Арэны. Тыраж 20 тысяч экзэмпляраў.


А вось галоўная інтрыга сусветнага хакейнага першынства пакуль не раскрыта. Медалі, якія будуць уручаць пераможцам, яшчэ не бачылі ні журналісты, ні хакеісты. Паводле інфармацыі нашага тэлеканала, дызайн распрацоўвалі беларусы. Зараз узнагароды праходзяць так званую працэдуру мытнага афармлення. Прэзентуюць іх ужо ў панядзелак на Мінск-Арэне.