На баявую тэхніку можна было паглядзець і пасля парада

3 июля 2017

Сёлета ў дачыненні да парада вельмі часта выкарыстоўвалі слова "ўпершыню". Напрыклад, упершыню ў парадзе прынялі ўдзел абсалютна ўсе асобныя гвардзейскія механізаваныя брыгады, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Або ўпершыню ў пешай калоне прайшоў парадны разлік войскаў тэрытарыяльнай абароны. А таксама ўпершыню паглядзець на баявую тэхніку можна было не толькі падчас парада, але і пасля яго.

Частка машын была выстаўлена на дэманстрацыйную пляцоўку, дзе кожны, хто жадаў, змог разгледзець ваенныя ўзоры, што называецца, на адлегласці выцягнутай рукі. На экспазіцыі амаль паўсотні адзінак тэхнікі. Прычым абсалютна ўсе гэтыя ўзоры літаральна некалькі гадзін таму захаплялі гледачоў, калі ішлі ў механізаванай калоне парада. Усе гледачы маглі не толькі зрабіць сэлфі на фоне зенітна-ракетных комплексаў і танкаў, але і забрацца прама на корпус ваенных машын. Таму нядзіўна, што ідэя з выставай спадабалася вельмі многім.

Адчуць сябе ў ролі танкіста або аператара зенітна-ракетнага комплексу мінчане і госці сталіцы маглі на працягу амаль дзвюх гадзін - менавіта столькі працавала выстава ўзбраення.