На Беларускім радыё стартаваў новы сезон

1 октября 2019

Сёння на Беларускім радыё стартаваў новы сезон. Адразу пяць каналаў пашырылі праграмную лінейку к восені. Так, на самым хітовым "Радыус FМ" з'явяцца новыя рубрыкі і інтэрактыўныя шоу. Акрамя таго, 103,7 загучыць новымі галасамі. Пазнавальнымі праграмамі і забаўнымі віктарынамі напоўніць эфір радыёстанцыя "Сталіца". Тэму хай-тэк падтрымае праект "Тэхнаманія" пра беларускія распрацоўкі і стартапы. Зарад добрага настрою для ўсёй сям'і дасць штотыднёвая інфармацыйна-забаўная праграма "Суботнік". Асобны час вяшчання адвядуць падрыхтоўцы нашых атлетаў да летняй Алімпіяды-2020 у Токіа. Пашырыла аўдыторыю ў гэтым сезоне і міжнароднае радыё "Беларусь". Дзякуючы кааперацыі з інтэрнацыянальным мультымедыйным сэрвісам цяпер анлайн-версію эфіру можна паслухаць з любой мабільнай платформы.

Валерый Радуцкі, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання (радыё "Беларусь"): "Радыё "Беларусь" - гэта радыё, якое распавядае пра нашу краіну замежным слухачам, прычым робіць гэта ўсё на 9 мовах. Тое асноўнае, што мы робім, - гэта грамадска-палітычнае жыццё нашай краіны і культура. У новым сезоне мы будзем распавядаць, як у нас праходзіць перапіс насельніцтва. Прычым будзем гэта рабіць з такім акцэнтам, каб сарыентаваць тых беларусаў, якія жывуць за мяжой".

Інфармацыйнае і грамадска-палітычнае вяшчанне на Першым нацыянальным канале таксама не адстае. У новым, юбілейным сезоне будзе больш аналітыкі і прамых эфіраў. Акрамя таго, да 95-годдзя Беларускае радыё адкрые свае залатыя фонды. Унікальныя аўдыязапісы будуць даступныя ў эфіры, а таксама на афіцыйным youtube-канале.