На Беларускім радыё 1 кастрычніка стартуе новы сезон

30 сентября 2019

Яшчэ больш прамых эфіраў. Ужо заўтра радыёканалы медыяхолдынга пачнуць новы вяшчальны сезон. Праграмная лінейка кожнага з іх годна абнавілася да восені. Так, на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё будзе яшчэ больш аналітыкі. Агляды найважнейшых грамадска-палітычных падзей тыдня, а таксама інфармацыйная карціна дня па-ранейшаму на 106,2. Міжнароднае радыё "Беларусь", якое гаворыць на 9 мовах, павялічыла долю вяшчання на арабскай. Акрамя таго, зараз радыёстанцыю за мяжой можна будзе паслухаць з любой мабільнай платформы дзякуючы далучэнню да інтэрнацыянальнага мультымедыйнага сэрвісу. Напярэдадні новага сезона з супрацоўнікамі Чырвонай, 4 сустрэўся Старшыня Белтэлерадыёкампаніі. На вялікай лятучцы паднімаліся пытанні ад творчых да бытавых. Таксама абмяркоўвалі і неабходнасць укаранення цэнтралізаванай сістэмы вымярэнняў аўдыторыі. 

Максім Угляніца, намеснік галоўнага дырэктара - дырэктар інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё: "У новым сезоне мы пашыраем нашу лінейку спецыяльных праектаў. Цяпер яны будуць выходзіць і ў будныя, і выхадныя дні - сем дзён на тыдзень у адзін і той жа час у 15:30. Гэта будуць спецыяльныя праекты, прысвечаныя самым важным падзеям у жыцці краіны: гэта і запуск Беларускай АЭС, і перапіс насельніцтва, які літаральна вось праз некалькі дзён стартуе. Гэта, канешне, выбарчыя кампаніі, З'яўляецца новы праект з такой назвай "7 дзён" - гэта самыя асноўныя падзеі тыдня. Будзем дайджэстам, вельмі коратка расказваць, дзе што адбылося".

На "Культуры" будзе больш жывых канцэртаў. "Радыус FM" прапаноўвае сачыць за ўпадабанымі трэкамі на сваім сайце, а "Сталіца" працягне знаёміць з музыкай беларускіх калектываў і выканаўцаў. Па-ранейшаму за працай радыёжурналістаў можна сачыць на афіцыйных YouTube-каналах. Падрабязней пра новыя праекты сёння ўвечар у "Панараме".