На Беларусь 1 стартуе біяграфічная драма Вангелія

1 сентября 2013

У гэтыя дні падзеі ў Сірыі, вакол якой зараз хапае ўсяго: і чутак і фактаў, прымусілі зноў успомніць вялікую балгарскую празорлівую Вангу. Аказваецца, пра тое, што адбываецца зараз і чым гэта можа скончыцца, яна таксама гаварыла. Напрыклад, такія словы: Сірыя апынецца ў цэнтры падзей, якія прынясуць чалавецтву сусветны крызіс і глабальныя перамены. Гаварыла Ванга і наконт Трэцяй сусветнай.


Зрэшты, якой насамрэч была празорлівая? Чаму ўжо шмат гадоў яе прадказанні спрабуюць выкрыць, але штораз беспаспяхова: адно за другім яны спраўджваюцца. На нашым канале стартуе біяграфічная драма Вангелія - пра жыццё і прадказанні дзіўнага чалавека. Дарэчы, беларусы гэты фільм убачаць аднымі з першых.



Беларуская школьніца Дар'я Атрошка нават не падазравала, што ўжо ў 12 гадоў стане актрысай вялікага кіно. Прычым выканае галоўную і зусім не дзіцячую ролю - ролю прадказальніцы Вангі.


Пасля цяжкіх здымачных будняў Дар'я вырашыла адпачыць у дзіцячым лагеры. Менавіта там наша здымачная група і знайшла юную актрысу. Прызнаецца: зараз нават цяжка паверыць, што менавіта яна сыграла маленькую Вангу. На вялікі экран Дар'я Атрошка трапіла можна сказаць цудам - дзяўчынку зўважылі на прыпынку, узялі ў яе каардынаты і праз некалькі тыдняў запрасілі на пробы.


Рэжысёр карціны Сяргей Барчукоў не раз паўтараў: роля Дар'і складаная і адказная. Бо менавіта ў 12 гадоў Ванга страціла зрок з-за ўрагану, падчас якога віхура адкінула яе на сотні метраў.


А яшчэ, прызналася за кадрам мама Дар'і, першапачаткова яна асцерагалася даваць згоду на здымкі сваёй дачкі, бо Ванга незадоўга да смерці забараніла здымаць пра сябе мастацкія фільмы. Насцярожыў і яшчэ адзін факт. Першапачаткова на галоўную ролю - Вангі ў старым узросце - зацвердзілі Іну Чурыкаву. Але ў дзень падпісання пагаднення актрыса зламала абедзве рукі. Не зважаючы на ўсё гэта, рэжысёр Вангеліі сцвярджае, што ніякага злога року не бачыць.


Фільм Вангелія яшчэ не выйшаў на экраны, але яго ўжо назвалі самым чаканым і нашумелым серыялам года. Кінастужка хоць і мастацкая, але фактычна поўнасцю біяграфічная. У фільме паказваецца ўсё жыццё балгарскай празорлівай - з нараджэння да смерці. Выхаду ў эфір гэтай карціны чакаюць з нецярплівасцю многія гуру кіно.


Алег Сільвановіч, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі Беларусьфільм: Чалавек, які мог бачыць скрозь час, чалавек, які мог бачыць скрозь адлегласці, і ў гады савецкай улады пра яе хадзілі неверагодныя легенды. Вядома, такая гісторыя будзе цікавая гледачам.


Па падліках балгарскага навукоўца Георгія Лазанава, Ванга зрабіла больш за 7 тысяч гучных прадказанняў. Сярод іх смерць Сталіна, паражэнне Гітлера, забойства Кенедзі, распад Савецкага Саюза, тэрарыстычная атака 11 верасня ў Нью-Ёрку і трагедыя атамнай лодкі Курск. А на пытанне Калі пачнецца Трэцяя сусветная? празорлівая адказала: Не хутка, яшчэ не пала Сірыя. Магчыма, мы сёння - сведкі менавіта гэтага прадказання.


Балгарскую празорлівую ігралі адразу чатыры актрысы. Роля прадказальніцы ў старым узросце ў выніку дасталася Алене Якаўлевай. Кожны дзень ёй накладвалі грым па пяць гадзін. У фільме шмат акцёраў іграюць палітыкаў і вядомых грамадскіх дзеячаў. Але, бадай, самае дзіўнае тое, што ролю прэс-сакратара Барыса Ельцына Сяргея Мядзведзева згадзіўся выканаць сам Сяргей Мядзведзеў.


Здымкі 12 серый Вангеліі расцягнуліся практычна на паўгода. Былі дзве асноўныя пляцоўкі - Беларусь і Балгарыя. У нашай краіне многае было знятае ў павільёнах Беларусьфільма. У прыватнасці, інтэр'ер дома Вангі. На некаторых кадрах можна будзе ўбачыць усім знаёмыя вуліцы Мінска. Адна са сцэнаў, напрыклад, знятая ў Траецкім прадмесці. У беларускай сталіцы для здымак была задзейнічана нават Бальніца хуткай медыцынскай дапамогі. Менавіта там можна ўбачыць самыя апошнія кадры.


Правы на трансляцыю гэтага серыяла атрымаць было не вельмі проста. Вакол прэм'еры ажыятаж. Белтэлерадыёкампанія паклапацілася аб сваіх гледачах загадзя.


Анжаліка Бортнік, спецыяльны карэспандэнт галоўнай дырэкцыі тэлеканала Беларусь 1: Белтэлерадыёкампанія купіла серыял Вангелія яшчэ падчас здымачнага працэсу. І нам прыйшлося за яго пазмагацца. Мы выдатна разумелі, што гісторыя гэтай прадказальніцы, самай загадкавай жанчыны ХХ стагоддзя, будзе цікавая нашаму гледачу.


Серыял Вангелія спецыялісты ўжо назвалі рэйтынгавым. У Беларусі ён выйдзе ў эфір нават раней, чым у Расіі. Першая серыя пачнецца ўжо ў панядзелак у 19:55.