На 63-ім годзе памёр ксёндз-настаяцель Леанід Нясцюк

24 марта 2017

Парафія Святой Тройцы ў Гярвятах на Гродзеншчыне засталася без настаяцеля. На 63-ім годзе памёр ксёндз-настаяцель Леанід Нясцюк. Святар праслужыў касцёлу больш як 20 гадоў. Ён здолеў адрадзіць храм, якому больш як 500 год, уклаўшы шмат сіл у яго рэстаўрацыю і стварэнне ландшафту вакол яго. Пры ім касцёл Святой Тройцы зноў пачуў старадаўні арган. Там праходзілі вечары музыкі. Пры ксёндзы былі адчыненыя і адрэстаўраваныя стогадовыя фрэскі. Каталіцкі храм заўсёды тануў у кветках, ствараючы душэўную атмасферу для ўсіх вернікаў і турыстаў. За кветкамі айцец Леан даглядаў сам. Дзякуючы ксяндзу, касцёл у Гярвятах сталі называць беларускім Нотр-Дамам. Службы Леаніда Нясцюка заўсёды адрозніваліся чалавекалюбствам і дабрынёй. Айцец Леан будзе пахаваны ў Гярвятах 27 сакавіка.