Мы зрабілі гэта разам. Цэнтр радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі

2 сентября 2015

20 гадоў таму ніхто і падумаць не мог, што ў Гомелі з'явіцца цэнтр такога ўзроўню. Ідэю яго будаўніцтва ў 1990 годзе падтрымалі ва ўрадзе СССР. Але пасля распаду Саюза будоўля аказалася замарожанай.

Тады медыкі і жыхары Гомельскай вобласці звярнуліся па дапамогу да Кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт асабіста наведаў аб'ект і распарадзіўся аднавіць будаўніцтва. А ўжо ў 2002 годзе прыехаў на адкрыццё першай чаргі цэнтра.

Трохгадовы Максім з мамай Надзеяй у аддзяленні дзіцячай гематалогіі ўжо амаль год. Паступова, але ўпэўнена дзіця ідзе на папраўку. А маці не перастае дзякаваць урачам.

Кацярына Грыцэнка ў гомельскі цэнтр прыязджае з Харкава. Дзяўчына ўжо некалькі гадоў змагаецца з лейкозам. Гаворыць, што менавіта тут у яе з'явілася надзея на лепшае.

Самаму маленькаму пацыенту ўсяго тыдзень, самаму старэйшаму - 80 гадоў. У гомельскі цэнтр кожны год звяртаюцца па дапамогу каля сотні тысяч чалавек. Жыцці ратуюць у першую чаргу дзякуючы своечасовай дыягностыцы. Тут самае сучаснае абсталяванне. Магнітна-рэзанансны тамограф новага пакалення дазваляе выявіць нават невялікія змянені ў органах і паставіць дакладны дыягназ.

Андрэй Філюсцін, загадчык аддзялення прамянёвай дыягностыкі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека: "З'явілася магчымасць абследавання ўсяго цела адначасова. Можам абследаваць брушную поласць, можам сканіраваць адразу некалькі аддзелаў пазваночніка. Таксама, як звычайна, абследуем суставы, галаўны мозг, брушную поласць, таз і гэтак далей".

Яны ўсе прыйшлі сюды наватарамі. На момант адкрыцця цэнтра пра такія тэхналогіі не ведалі нават у сталіцы. Сёння па неацэнны вопыт у Гомель прыязджаюць навукоўцы з розных краін свету.

Аляксандр Ражко, дырэктар Рэспубліканскага навукова- практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека: "Дзякуючы таму што вядзецца вельмі цесная работа па вывучэнні постчарнобыльскіх аспектаў, мы напрацавалі багаты вопыт, які запатрабаваны сёння і Японіяй, якая сёння пастаянна кантактуе з намі. Урад і ў першую чаргу навукоўцы звяртаюцца да нас, таму што напрацаваныя веды ў плане медыцынскіх аспектаў, радыяцыйнай бяспекі".

Цэнтр радыяцыйнай медыцыны сёння дапамагае не толькі жыхарам Беларусі. Для іх, дарэчы, лячэнне бясплатнае. Да нашых урачоў прыязджаюць пацыенты з Расіі, Украіны, Казахстана, Ізраіля, Германіі і ЗША. І яшчэ. Жыццё тут не стаіць на месцы. У цэнтры рыхтуюць навуковыя і медыцынскія кадры, тут з'яўляюцца патэнты на вынаходкі і распрацоўваюцца метады лячэння. Аналагаў Гомельскаму цэнтру радыяцыйнай медыцыны на ўсёй постсавецкай прасторы няма.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя