Мы зрабілі гэта разам. Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік Палескія джунглі

11 сентября 2015

Так завуць самы вялікі ў Беларусі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Ён закрыты для турыстаў, але адкрыты для навукоўцаў. Менавіта тут больш за чвэрць стагоддзя праводзяць унікальныя даследаванні па пераадоленні наступстваў аварыі ў Чарнобылі. І ёсць поспехі. Навукоўцы сцвярджаюць, што навучыліся на забруджаных землях вырошчваць чысты прадукт. А гэта значыць, тое, што спачатку ўспрымалі як пераадоленне, сёння ўжо, хутчэй, развіццё. І гэта тое, што мы робім разам. Новая серыя маштабнага праекта Агенцтва тэленавін.

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік - самы вялікі ў Беларусі. Вялізная тэрыторыя стала закладніцай трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, зараз абнесеная калючым дротам. Аднак гэта не мёртвая зона. Тут працуюць сотні спецыялістаў. Запаведнік стаў пляцоўкай для вывучэння наступстваў катастроф тэхнагеннага характару.

Палескі запаведнік быў створаны ў 1988 годзе. Яго плошча больш за 200 тысяч гектараў. Да аварыі тут знаходзілася амаль сто населеных пунктаў. Пасля катастрофы людзей адсялілі. Уся тэрыторыя стала запаведнай зонай. Ужо амаль за 3 дзесяцігоддзі прырода аднавіла тут свае правы. Сёння ў запаведніку можна сустрэць мядзведзя, рысь, зубра, каня Пржавальскага і нават чарапаху. Дзясяткі відаў птушак і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу.

Асаблівы статус гэтыя тэрыторыі атрымалі ў 2006 годзе. Тады ўказам Прэзідэнта было зацверджана Палажэнне аб дзяржаўным Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Уезд на яго тэрыторыю строга абмежаваны. Трапіць сюды без спецыяльнага пропуску нельга. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы ў запаведніку створаная эксперыментальная база, якая ўключае жывёлагадоўчую ферму, пладовы сад, пчальнік, тры вытворчыя ўчасткі па дрэваапрацоўцы. Разводзяць тут і рэдкія племянныя пароды канёў. Рускі цяжкавоз, савецкі цяжкавоз, руская рысістая - сёння ў запаведніку табун больш чым у 300 галоваў. Праз гады навукоўцы навучыліся атрымліваць на забруджаных землях чыстую прадукцыю. Запаведнік стаў пляцоўкай для ўнікальных у сваім родзе даследаванняў.

Станцыя "Масаны" - крайны пункт запаведніка. Да Чарнобыльскай атамнай станцыі тут усяго 10 кіламетраў.

Адгэтуль з пажарнай вышкі можна ўбачыць саркафаг. Спецыялісты тут працуюць вахтавым метадам. Брыгады змяняюцца кожныя дванаццаць дзён. Навукоўцы бяруць спробы зямлі, вады, раслін, праводзяць даследаванні.

Беларускі вопыт вырашэння праблем пасля катастрофы і развіццё пацярпелых тэрыторый апынуўся запатрабаваным. Менавіта сюды прыязджаюць па дапамогу японскія спецыялісты пасля аварыі на "Фукусіме". Запаведнік стаў гіганцкай міжнароднай навуковай "лабараторыяй". Менавіта тут вось ужо практычна чвэрць стагоддзя збіраецца неацэнны матэрыял, у сусветнай практыцы якога яшчэ не было.