"Мы зрабілі гэта разам" Лошыца

25 сентября 2015

Гэты комплекс даў назву маштабнаму мікрараёну сталіцы і стаў папулярным турыстычным аб'ектам. У красавіку Лошыцкая сядзіба вярнула сабе ранейшы гістарычны вобраз і набыла статус музея. Помнік архітэктуры другой паловы XVIII – XIX стагоддзяў доўгі час заставаўся ў запусценні, але дзякуючы падтрымцы дзяржавы аб'ект з багатай гісторыяй адрэстаўраваны. Цяпер мінчане і госці сталіцы накіроўваюцца туды, каб паглядзець на адзіную ў Беларусі залу ў стылі ар-нуво, пакланіцца заручальнаму дубу і сустрэцца з вядомым сталічным прывідам - Белай Паннай. Міфы і легенды ў біяграфіі Лошыцкай сядзібы ў новай серыі праекта Агенцтва тэленавін "Мы зрабілі гэта разам".

Ракако для чаявання, класіцызм для баляў, а мадэрн для прыёму гасцей. Дванаццаць залаў з індывідуальным мастацкім характарам яднае так званы пампейскі калідор. І калі раней такую галерэю можна было сустрэць толькі ў Эрмітажы ці Марыінскім палацы, то цяпер яшчэ і ў Лошыцкай сядзібе ў Мінску. Вытанчаны асабняк, поўны антыкварных прадметаў і мэблі, прымае турыстаў. Сюды ідуць ацаніць адзіную ў краіне музейную залу, аформленую на французскі манер - у стылі ар-нуво. Ці мадэрн.

Усе рэчы датаваныя 1900-мі гадамі.

Менавіта тут каля 10 тысяч гадоў таму праходзіла мяжа, на якой спыніўся апошні ледавік. А ў ХІ стагоддзі стаяла вялізнае гарадзішча. Паводле адной з легенд, менавіта Лошыца была эпіцэнтрам бітвы на рацэ Нямізе. Хаця дакументальная біяграфія мясцовасці пачынаецца значна пазней - з XVI стагоддзя. На гэтых землях у розныя часы гаспадарылі Талачынскія, Друцкія-Горскія, Прушынскія. З прыходам дзяржаўнага дзеяча і мецэната Яўстафія Любанскага Лошыцкая сядзіба стала пышнай рэзідэнцыяй, дзе збіраўся тагачасны бамонд. На рэканструкцыю дома дзяржаўнага дзеяча і мецэната падштурхнула каханне.

Трагічная смерць жонкі вымусіла Любанскага пакінуць Лошыцу. Пагалоскі не сціхаюць, быццам прывід Ядвігі – так званая Белая Панна - і сёння бачыцца наведвальнікам Лошыцы. Ходзяць чуткі і пра заручальны дуб, які быццам здольны наладзіць сямейнае шчасце. Дарэчы, парк не меншая за сядзібу каштоўнасць. Кожны тутэйшы гаспадар літаральна пусціў карані на гэтай тэрыторыі.

Савецкая эпоха не шкадавала Лошыцу. Спачатку тут асталяваўся Інстытут раслінаводства, у момант Вялікай Айчыннай вайны сядзібу занялі акупанты. На працягу ХХ стагоддзя будынак прыходзіў у запусценне. Помнікам гісторыі, культуры і архітэктуры яго прызналі толькі ў 1988-м. Але нягледзячы на новы статус час працягваў разбураць унікальны комплекс. За рэстаўрацыю Лошыцкай сядзібы ўзяліся ў эпоху незалежнай Беларусі.

Ніводнай ілюстрацыі ці здымка інтэр’ераў сядзібы не захавалася. Каб аднавіць унутраныя ўбранствы, мастакі-рэстаўратары са скальпелем прайшлі кожны сантыметр пакояў. У выніку зандажу (ці папярэдняй разведкі) выявілі 10 слаёў і з іх вырашылі рэканструяваць арыстакратычную эпоху канца ХІХ стагоддзя, калі гаспадарыў Любанскі. Сцены распісвалі ўручную пэндзлем, а некаторыя ўцалелыя фрагменты дэкору пакінулі наўмысна – як напамін пра мінулае.

Жывой гісторыяй Лошыцкай сядзібы называюць шэсць печак. Кафляныя шэдэўры памятаюць дотык рук былых гаспадароў і з’яўляюцца помнікам мастацтва і інжынерыі таго часу. Зроблены яны па заказе ў Рызе, такіх знойдзена толькі некалькі па ўсёй Расійскай імперыі. Печы тапіліся з падвалу і мелі агульную сістэму дымаходаў, што дазваляла абагрэць адразу увесь дом.

З красавіка каштоўныя экспанаты ацэньваюць турысты. Апроч жылога комплексу, наведваюць флігель, домік вартаўніка, руіны капліцы, броварны завод і будынак былога млына. Але найперш мінчане крочаць у парк – правесці ўік-энд на экзатычным зялёным востраве сталіцы.