"Мы зрабілі гэта разам". Гродзенская ГЭС

31 августа 2015

Працягваем расказваць пра самыя амбіцыйныя праекты Беларусі, якія мы зрабілі разам. Адзін з іх - Гродзенская ГЭС на Нёмане. За тры гады, якія прайшлі з дня яе запуску, станцыя за кошт памяншэння імпарту газу сэканоміла краіне мільёны долараў і даказала, што Беларусь стаіць у авангардзе развіцця зялёнай энергетыкі. Якіх высілкаў каштаваў праект першай у краіне сярэднемагутнай гідраэлектрастанцыі, і калі па вадасховішчы пачнуць плаваць паруснікі і катары, а ў небе з'явяцца прагулачныя паветраныя шары - у праекце Агенцтва тэленавін "Мы зрабілі гэта разам" глядзіце зараз.

Сёння гэта ўжо архіўныя кадры. Будаўніцтва першай сярэднемагутнай гідраэлектрастанцыі ў Беларусі, год 2008. Але праект ГЭС на Нёмане і зараз завуць унікальным: тут удасканальвалі майстэрства і набывалі вопыт беларускія будаўнікі, інжынеры, праекціроўшчыкі і, вядома, энергетыкі. Узвесці падобны аб'ект аднаўляльнай крыніцы энергіі раней не адважваўся ніхто. Але разам мы гэта зрабілі.

Збольшага менавіта дзякуючы Гродзенскай ГЭС будаўніцтва гідраэлектрастанцыі ў Віцебскай вобласці і нават атамнай станцыі ў Астраўцы прасоўваецца значна хутчэй - дапамагае вопыт інжынераў і падрадчыкаў. А паказчыкі, якіх дасягнулі ў сваёй працы энергетыкі, вымяраюцца няйначай як у мільёнах.

Гідраэлектрастанцыя кругласутачна выпрацоўвае дзясяткі мегават, пачынаючы з 2012 года запуску. У справаздачах энергетыкаў існуе нават лічба агульнай выпрацоўкі. Дык вось, за 3 гады Нёман прынёс у нашы кватэры і на прадпрыемствы амаль 245 мільёнаў кілават-гадзін. Гэта тая самая аднаўляльная чыстая энергетыка, якая сэканоміла рэспубліканскаму бюджэту мільёны долараў пры імпарце газу.

Аляксандр Гундар, начальнік Гродзенскай ГЭС: "Калі выказваць у газавым эквіваленце, гэта 58 мільёнаў кубаметраў газу. Аб'ём электраэнергіі, які вырабляецца на Гродзенскай ГЭС, можа забяспечыць такі раён, як Шчучынскі. Невялікі раён Гродзенскай вобласці. Разам з прамысловасцю і з бытавым сектарам. Аб'ёму выпрацаванай электраэнергіі на Гродзенскай ГЭС досыць для бытавога спажывання ў г. Гродне".

Працу па ператварэнні вады з Нёмана ў электрычнасць выконвае сучаснае абсталяванне, якое разам манціравалі беларускія і чэшскія спецыялісты. ГЭС структурай больш нагадвае айсберг. Толькі невялікая яе частка знаходзіцца над паверхняй. Асноўныя вузлы і механізмы схаваныя ніжэй за ўзровень вады. Нават галоўны шчыт кіравання, адкуль рэгулюецца ўся праца станцыі, - пад некалькімі метрамі Нёмана. Так што аператары кожны дзень спускаюцца сюды, нібы ў падлодку.

Эканамічная эфектыўнасць ГЭС залежыць не толькі ад вырабленай энергіі. Праекціроўшчыкі пастараліся стварыць сапраўды рэдкі ўзор бяспекі і акупнасці. Справа ў тым, што тэрмін эксплуатацыі гэтага збудавання - стагоддзе.

Аляксандр Гундар, начальнік Гродзенскай ГЭС: "Тэрмін службы абсталявання ўжо менш - 50 гадоў. Праз 50 гадоў усё можна памяняць абсталяванне на сучаснае - гэта каля 20% ад самога аб'екта - і атрымаць новы высокатэхналагічны аб'ект".

Стварыць аб'ект са стагадовай гарантыяй і было самым складаным. Для гэтага будаўнікам прыйшлося пайсці супраць прыроды самога Нёмана.

Аднак яшчэ да запуску Гродзенскай ГЭС эксперты ўбачылі не толькі чыстую энергетыку. Праект зараз адкрывае свой турыстычны патэнцыял. На вадасховішчы плошчай на 20 квадратных кіламетраў, якое ўтварылася перад плацінай гідраэлектрастанцыі, зараз распрацоўваюць генплан інфраструктурнага развіцця. Пры эфектыўным супрацоўніцтве выканаўчай улады і прыватнага бізнесу гэта стане ўнікальнай тэрыторыяй для адпачынку. Прычым і на вадзе, і на зямлі, і нават у паветры.

Гродзенская ГЭС як прыклад альтэрнатыўнай энергетыкі ўжо сёння дазваляе экспертам гаварыць пра рост энергетычнай бяспекі краіны. ГЭС на Нёмане стала першай гідраэлектрастанцыяй сярэдняй магутнасці ў Беларусі, якая здольная не проста вывесці яе энергасістэму на новы ўзровень, але і прадэманстраваць рэальныя перавагі чыстых кілават.