МУС Беларусі: падчас святкавання Дня Незалежнасці не зафіксавана ні аднаго парушэння

4 июля 2018

Ні аднаго парушэння або здарэння падчас святкавання Дня Незалежнасці не зафіксавана. Пра гэта заявілі ў МУС Беларусі. Для бяспекі толькі ў Мінску было абсталявана больш за 140 пунктаў пропуску. Гэта дазволіла арганізаваць найбольш камфортны і хуткі праход да месцаў правядзення мерапрыемстваў. Супрацоўнікі міліцыі дапамагалі беларусам і гасцям сталіцы арыентавацца, а інспектары ДАІ гарантавалі бяспеку дарожнага руху.

Дзмітрый Кур’ян, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення аховы правапарадку ГУАПП МГБ МУС Беларусі:

"Органы ўнутраных спраў ажыццяўлялі комплекс мерапрыемстваў, накіраваны на забеспячэнне належнай аховы правапарадку падчас святочных гулянняў. Было арганізавана цеснае ўзаемадзеянне з супрацоўнікамі МНС і аховы здароўя. Разгорнута праца аператыўна-сітуацыйнага штаба як у МУС, так і ў кожным тэрытарыяльным органе ўнутраных спраў, якая дазволіла аператыўна рэагаваць на змяненні абстаноўкі і прымаць адпаведныя рашэнні".

Таксама ва ўсіх месцах масавых мерапрыемстваў дзяжурылі машыны хуткай. Па меддапамогу практычна ніхто не звяртаўся.