МУС Беларусі лічыць неабходным узмацніць меры бяспекі ў школах

25 мая 2016

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў міністр Ігар Шуневіч распавёў падрабязнасці здарэння. Настаўніца 74-й гімназіі, якая пацярпела ад рук падлетка, ачуняла пасля аперацыі. Яна ў бальніцы ў стабільна цяжкім стане. Падлетак затрыманы, з ім працуюць спецыялісты. Праваахоўнікі знайшлі і нож, які быў скарыстаны для нападу.

Ігар Шуневіч, Міністр унутраных спраў Беларусі: "Ёсць сусветная практыка рэагавання на такія выпадкі, абароны выкладчыкаў. Гэта ўнутраная ахова школы, сістэма гарантавання бяспекі жыццядзейнасці навучальнай установы. На жаль, сёння мы часцяком грэбуем такімі агульнапрынятымі спосабамі. Гэты выпадак нетыповы для Беларусі. Ён сітуатыўны ў большай ступені, чым з нейкай сур'ёзнай асновай. Тым больш што вучань характарызаваўся дадатна. Прэцэдэнт створаны. Будзем думаць, як пазбегнуць у далейшым падобнага. З міністрам адукацыі трэба абмеркаваць гэтую тэму, і будзем сумесныя меры нейкія прапаноўваць".

Сёння дэпутаты разгледзелі некалькі міжнародных дакументаў у рамках СНД, АДКБ і еўразійскай інтэграцыі. У прыватнасці, парламентарыі ратыфікавалі пагадненне аб зоне вольнага гандлю з В'етнамам. Зараз удзельнікамі ЕАЭС з'яўляюцца Расія, Арменія, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан. Аб'яднанне ў наступным годзе можа падпісаць пагадненне аб вольным гандлі з Ізраілем. Наступная на чарзе - Паўднёвая Карэя.