Бессістэмны падыход у працы, на які звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, павінен быць ліквідаваны ўжо ў найбліжэйшы час. Галоўная роля па-ранейшаму застаецца за Генеральнай пракуратурай. Нягледзячы на тое, што 80% раскрытых эканамічных злачынстваў прыпадае на долю МУС, міліцыя не павінна стаяць на месцы. Бо крымінальны свет заўсёды спрабуе ісці на крок наперадзе.
Пра сучасныя тэндэнцыі і змяненні ў працы МУС - у рэпартажы Аляксандра Смірнова.
Галоўнае, аб праблемах не толькі ведаць, але і гаварыць аб іх адкрыта. Прыкладна ў такім ключы пабудаваў сваю гутарку з журналістамі Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч. Паводле яго слоў, недахопаў даволі шмат, пачынаючы ад непрафесіяналізму кадраў і карупцыі ўнутры ведамстваў, заканчаючы прабеламі ў заканадаўстве. Аднак шляхі вырашэння ёсць, МУС у гэтым пытанні не стаіць на месцы.
Кадры вырашаюць усё - стары прынцып як ніколі актуальны для беларускай міліцыі. Асабліва для барацьбітоў з эканамічнымі злачынствамі. Апошнія гады служба страціла прэстыж у вачах моладзі. Адгэтуль праблема - недаўкамплектаванасць прафесійнымі кадрамі. Толькі чвэрць маладых спецыялістаў маюць профільную - эканамічную - адукацыю. У выніку каля 3 гадоў ідзе толькі на тое, каб даць неабходныя навыкі навабранцам. Аднак праблемы ёсць не толькі ў тых, хто змагаецца з пяхотай крымінальнага свету. Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з аргзлачыннасцю і карупцыяй, якое павінна біць па генералах, захавала прафесійна ядро. Тым не менш ёсць пэўныя але.
Галоўная асаблівасць ценявой эканомікі - латэнтнасць. Шэрыя бізнесмены перайшлі ў разрад белых каўнерыкаў і ўчыняюць злачынствы з дапамогай найноўшых тэхналогій. Ва ўмовах таго, што Беларусь становіцца ўсё больш прывабнай для замежных партнёраў, неабходна змяняць і некаторыя метады. Імідж краіны не павінны псаваць нячыстыя на руку верхаводы бізнесу, ствараючы фінансавыя піраміды і шэрыя схемы абароту грошай.
МУС ініцыюе на заканадаўчым узроўні забараніць карупцыянерам займаць кіруючыя пасады, забяспечыць поўную празрыстасць даходаў чыноўнікаў і перакрыць кісларод незаконным даходам за кошт роднасных сувязяў і падманных давераных асоб.
Эдуард Нікіцін, начальнік ГУБЭЗ МУС Беларусі: Калі чыноўнік не можа растлумачыць, адкуль у яго яхта ў асабістым карыстанні, то праект нарматыўнага дакумента, які будзе распрацоўвацца, павінен прадугледжваць канфіскацыю такой маёмасці. Я думаю, гэта выб'е эканамічную глебу з матывацыі такога чыноўніка ажыццяўляць карыслівыя латэнтныя здзелкі.
Бессістэмнасць - галоўны недахоп у барацьбе з карупцыяй. Пра гэта Кіраўнік дзяржавы напярэдадні заявіў на нарадзе ўсім упаўнаважаным органам. Наспела неабходнасць у цэлым праваахоўнай сістэме комплексна перагледзець пытанне супрацоўніцтва ў гэтым кірунку. Кожнае ведамства валодае ўнікальным інструментарыем для паспяховага процідзеяння спруту ценявой эканомікі. Козыры трэба ўмела выкарыстоўваць, а не трымаць у рукаве.














