Фартэпіяна, гітара і выяўленчае мастацтва. Менавіта такія спецыяльнасці часцей выбіраюць вучні сталічных школ мастацтваў. Музычную адукацыю сёння атрымліваюць 11 тысяч юных мінчан. Дарэчы, займацца мастацтвам і музыкай можна і ў агульнаадукацыйных школах. На іх базе адкрываюць спецыяльныя творчыя класы. У горадзе такіх шэсць, у тым ліку і для дзяцей з парушэннем зроку. Рэпартаж Аляксандры Драгун.
З дыхальнай гімнастыкі і распеўкі пачынаецца кожны ўрок. Раз на тыдзень Валерыя Грэчанкова запрашае вучняў 64-й сталічнай школы ў падарожжа па краіне музыкі. Сёння яны дапаўняюць спевы артыстычнымі рухамі і эмацыйным выкананнем.
Па жаданні вучні могуць наведваць музычна-тэатральныя заняткі і вакальна-харавую студыю. Эстэтычныя сустрэчы таксама праводзіць Валерыя Грэчанкова. З музыкай малады спецыяліст ідзе па жыцці - віртуозна іграе на акардэоне.
Пуцёўку на вялікую сцэну даў народны аркестр «Лад», які існуе на базе музычнага каледжа. З першых курсаў Валерыя стала пастаяннай акардэаністкай калектыву. Цяпер тут і саліруе, і працуе канцэртмайстрам.
Аркестр «Лад» вучэбны, таму колькасць баяністаў і акардэаністаў пастаянна мяняецца. Гучанне сольных інструментаў дапаўняюць бас-гітара, флейта, габой, кларнет. З кожным музыкантам асобна Валерыя вучыць партытуры.
Для тых жа, хто ў школьныя гады так і не адважыўся ўзяцца за інструмент, незалежна ад узросту стаць музыкантам у сталіцы прапануюць у сучасных студыях.
Фартэпіяна і гітары аддаюць перавагу часцей у сталічных школах мастацтваў, дарэчы, там выхоўваюць амаль 11 тысяч юных музыкантаў. І хоць баян і акардэон у рэйтынгу папулярнасці крыху саступаюць, іх непаўторнае гучанне застаецца па-за часам.













