Музейныя заняткі пад адкрытым небам і працы па добраўпарадкаванні

18 апреля 2014

Так насычана і незвычайна вырашылі адзначыць Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў у Гомельскай вобласці. Месцам правядзення марафону стала тэрыторыя сядзібна-паркавага комплексу ў вёсцы Хальч Веткаўскага раёна. Палац, пабудаваны ў стылі позняга класіцызму, прызнаны помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Аднак работы па рэстаўрацыі тут праводзіліся апошні раз амаль паўстагоддзя таму.


Сядзібай у Хальчы доўгі час валодаў магутны беларуска-ўкраінскі род Халецкіх. Тут гасцяваў майстар архітэктурнага пейзажа Напалеон Орда. Да нашых дзён захавалася і яго замалёўка палаца. Падчас паўстання Кастуся Каліноўскага тут хаваліся паўстанцы. З прыходам савецкай улады ў палацы спачатку арганізавалі прыстанішча для беспрытульнікаў, а потым размясцілася турма НКУС.