23 лютага - важная дата і для Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - установы, якая акумулявала трагічны і адначасова гераічны вопыт Другой сусветнай вайны і подзвіг савецкага салдата ў ёй.
Сёлета менавіта вытокам арміі-пераможцы ў музеі прысвяцілі асобную тэматычную выставу. На прэзентацыі новай экспазіцыі пабывала і Наталля Бардзілоўская.
Фотаздымкі часоў грамадзянскай і газеты са зводкамі Савецка-фінляндскай вайны. Лістоўкі першых партызан з партрэтамі Каржа, Арлоўскага і Рабцэвіча. Першыя граматы першым беларускім генералам і карты "да 40-х" і "пачатку 40-х" з лініямі адступленняў і контрнаступленняў нашых войск. Амаль сотня экспанатаў - копіі арыгінальных дакументаў з архівасховішчаў і прадметы, часова запазычаныя з розных стацыянарных экспазіцый, сабралі ў асобную тэматычную падборку пад назвай "Армія, народжаная Кастрычнікам".
Гераічная Чырвоная Армія, якая звергла фашысцкія сцягі не толькі на сваёй, тэрыторыі СССР, але і вызваліла краіны Еўропы ад "карычневай чумы" - гэтая армія, моц яе і веліч з'явіліся не ў момант і не на пустым месцы. Вопыт перамог браў вытокі з 1918-га, часу нараджэння Чырвонай Арміі, каваўся гадамі і шматлікімі бітвамі. Пра гэты першапачатковы перыяд і расказвае музейная выстава.
Дакументальна і ў экспанатах прасочваюцца асноўныя чырвонаармейскія, у тым ліку - непасрэдна беларускія гістарычныя этапы. Гэта заснаванне Мінскай ваеннай акругі ў лістападзе 1918-га з паступовым з'яўленнем яшчэ чатырох рэгіянальных акруг. Нараджэнне першых ваенных навучальных устаноў - 81-х Мінскіх танкавых курсаў і Мінскага танкавага вучылішча. Дакументы ад 22 чэрвеня 1941 года пра фарміраванне Заходняга фронту. Выстава раскрывае біяграфіі выдатных воінаў - напрыклад, маршала Савецкага Саюза беларуса Івана Якубоўскага, які пачынаў служыць у Мінску.
Пасведчанне аб узнагароджванні Пулко-Дзмітрыева сярэбраным гадзіннікам і грамата-ўдзячнасць генералу Касабуцкаму. У экспазіцыі ёсць дакументы-сведчанні, што дух і ваенная падрыхтоўка беларускіх патрыётаў загартоўваліся і падчас Першай сусветнай вайны, і ў бітвах сяброўскай Іспаніі 30-х.
"Армія, народжаная Кастрычнікам" - праект-сімвал. Ён не толькі знаёміць з гісторыяй фарміравання савецкіх, беларускіх войскаў, але перакідае мосцік ў сённяшні і нават заўтрашні дзень, падкрэслівае, што лепшыя традыцыі баявога духу і ваеннай падрыхтоўкі сучасная армія захоўвае і прымнажае. Наведвальнікамі выставы сёння, у Дзень абаронцаў Айчыны, сталі ветэраны вайны, баявых дзеянняў і ваеннай службы, кадэты, курсанты, ваеннаслужачыя.
Музей Вялікай Айчыннай вайны - абаронцам Айчыны
23 февраля 2021













