Музей народнай архітэктуры і побыту – адно з самых папулярных месцаў адпачынку падчас зімовых уік-эндаў

15 января 2017

Падчас зімовых уік-эндаў  адным з самых папулярных месцаў адпачынку беларусаў і гасцей нашай краіны стаў Музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Гэта адзінае месца, дзе экспанаты размяшчаюцца пад адкрытым небам.  Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Беларусь у мініяцюры. На 150-ці гектарах пад Мінскам размясціліся  Падняпроўе, Паазер'е, цэнтральная Беларусь. Вось-вось унікальную экспазіцыю папоўняць помнікі драўлянага дойлідства і аўтэнтычныя рэчы Панямоння, заходняга і ўсходняга Палесся. Будынкі, узрост якіх  стагоддзі, звозілі з усёй краіны, каб зберагчы. 35 узораў. Прычым, не проста паставілі хаты, млыны і цэрквы на новую зямлю – кожны рэгіён аздобілі характэрным ландшафтам і раслінамі: сасновыя зараснікі Паазерья, больш лугоў - Падняпроўе.

Тут знаёмяць не толькі з аўтэнтыкай, у Музеі народнай архітэктуры і побыту архаіку спалучаюць з сучаснасцю. Так,  хочаце ўзгадаць транспартны сродак нашых бабуль і дзядуль – калі ласка, вас пракоцяць на кані. Хочаце узняцца да нябёсаў – тут ёсць свой міні-аэрадром і дэльтаплан. Нават на хвалях можна праплыць на чоўне  па водах ракі Пціч. Даследаванне і перадачу  сакрэтаў аўтэнтыкі  музей увасабляе не толькі праз архітэктуру. У Строчыцах папулярызуюць беларускую кухню. Апроч дранікаў, верашчака, мачанка. А вось рэцэпты народных напояў -  медавухі, з журавін, з хрэну -  асабліва не раскрываюць.

Строчыцы – акадэмія беларускай фалькларыстыкі. Тут рэканструююць усе народныя святы і запрашаюць на іх усіх, хто  жадае. Да Нараджэння Хрыстовага ў музейных Строчыцах каледаванне. Віфлеемская зорка на дрэўцы. Частаванне куццёй. Варажба. Ваджэнне Мядзведзя і Казы.

Зрэшты, сёлета з улікам Усходняга календара ў  спісе галоўных калядных персанажаў з'явіўся... Певень!  У беларусаў гэта паважаная птушка: адганяла нячыстую сілу сваім крыкам. А яшчэ  прадказвала лёс незамужнім дзяўчатам. На парог хаты ставілі міску з вадой, талерку з зернем, клалі люстэрка і запускалі пеўня. Чырвоны ж і паважны строчыцкі певень наваражыў 2017-ы годам яркім, паспяховым, багатым.