3 сентября 2015

А гэтае месца - лепш за любы ўрок гісторыі здольна распавесці аб падзеях, сведкай якога стала. "Брэсцкая крэпасць-герой". Крыху больш за год назад тут з'явілася новая пастаянная экспазіцыя. "Музей вайны - тэрыторыя міру". Гэта цэлая філасофская канцэпцыя, у цэнтры якой - лёсы людзей, якія сталі ахвярамі вайны. І гэта гісторыя, якую мы захоўваем разам. Працяг маштабнага праекта Агенцтва тэленавін.

Тут прысягаюць на вернасць Радзіме, кожны дзень нясуць Вахту памяці, ускладаюць кветкі да Вечнага агню. Сюды едуць, пераадольваючы тысячы кіламетраў, каб схіліць галаву перад загінуўшымі абаронцамі Брэсцкай крэпасці. За паўстагоддзя мемарыяльны комплекс наведалі больш за 23 мільёны чалавек.

Восем экспазіцыйных залаў. Дзве тысячы фатаграфій, лістоў і дзённікаў абаронцаў крэпасці, сапраўдныя і бутафорскія прадметы побыту чырвонаармейцаў. У фондах мемарыяльнага комплексу захоўвацца больш за 8 дзясяткаў артэфактаў і дакументаў. Дзякуючы новаму музею Брэсцкай крэпасці, наведвальнікі змогуць асабіста ўбачыць вялікую частку архіўных экспанатаў. Першая экскурсія ў "Музеі вайны - тэрыторыя міру" адбылася ў сімвалічную дату - 22 чэрвеня 2014 года. Ідэя мастацкага ўвасаблення належыць творчаму калектыву мемарыяльнага комплексу і сталічнаму мастаку Юрыю Сухаву. "Музей вайны - тэрыторыя міру" - гэта цэлая філасофская канцэпцыя. У цэнтры якой - лёсы людзей. Экскурсіі тут разлічаны на сучаснага наведвальніка, у тым ліку, на замежных гасцей (подпісы да экспанатаў прапаноўваюцца на рускай, беларускай і англійскай мовах). У музеі - самыя перадавыя тэхналогіі.

У даваеннае і франтавое жыццё акунаюць кадры кінахронікі на мультымедыйных устаноўках. Трохарачныя вароты - як машына часу: тут адчуваецца атмасфера апошніх мірных гадзін на тэрыторыі Брэсцкага гарнізона. Калі затрымацца пад зорным небам, можна пачуць нават спеў птушак. У асобнай зале - рэканструкцыя раніцы 22 чэрвеня. Дым-машына імітуе туман досвіткам, чутны гукі мінамётнага і артабстрэлаў. Тут жа - муляж лодкі-"штурмбата": на такіх немцы фарсіравалі Заходні Буг. Слайд-шоу - на самым вялікім экране музея шырынёй пяць метраў. Спісы ўдзельнікаў абароны - у вялікай электроннай кнізе. У ёй 1200 прозвішчаў, перагортваецца ўзмахам рукі. У стварэнні экспазіцыі ўдзельнічалі і нашчадкі абаронцаў крэпасці. Сярод іх дачка Сяргея Перадзельскага з Бранскай вобласці. У дар музею яна перадала запісную кніжку і лісты, якія бацька пісаў, знаходзячыся ў канцлагеры на тэрыторыі Польшчы.

У цэнтры адной з залаў музея - імправізаваны шкляны вагон. У лагеры людзей везлі на таварных цягніках, вялізнымі партыямі. На манекенах – сапраўднае адзенне палонных. Напрыклад, гэты шынель - форма Майданека. Пазнака SU азначае "савецкі ваеннапалонны". Колькі ўдзельнікаў абароны крэпасці прайшлі выпрабаванні палонам, дазваляе ўявіць інтэрактыўная карта. На ёй - 33 канцлагеры, у якіх ад хвароб, здзекаванняў, вопытаў загінулі дзясяткі мільёнаў людзей.

Макет расстрэльнай сцяны. Яшчэ адзін доказ жорсткасці фашыстаў і мужнасці савецкага салдата. Менавіта такая стаяла ў канцлагеры Дахау. Вядома, што жывымі мішэнямі сталі і некалькі абаронцаў крэпасці. У памяць аб іх, на фоне макета сцяны фатаграфіі загінуўшых. У асобнай зале - "гукавы дождж": сведкі абароны крэпасці і іх дзеці дзеляцца ўспамінамі. Каб пачуць аўдыёзапіс, дастаткова ўстаць на чырвоны промень пад устаноўку. Незвычайная прэзентацыя экспанатаў - вітрына ў падлозе. У пяску, пад антыўдарным шклом, ляжаць прадметы, знойдзеныя ў крэпасці пры раскопках. Таксама ў музеі на спецыяльнай інтэрактыўнай устаноўцы кожны наведвальнік можа паспрабаваць адшукаць звесткі аб сваяках - удзельніках Вялікай Айчыннай. За стварэнне музея ў паўднёва-ўсходняй казарме цытадэлі, захаванне памяці і выхаванне патрыятызму калектыў мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" удастоены Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта. Але самыя галоўныя адзнакі, гавораць супрацоўнікі комплексу, у водгуках наведвальнікаў. За год тут пабывалі больш за 40 тысяч чалавек. Памяць аб самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя мы захоўваем разам, каб наступнае пакаленне ведала цану міру.