Мультфільм 9-гадовай гімназісткі са Слуцка пакарыў Маскву

7 апреля 2017

На Міжнародным кінафестывалі кароткаметражных фільмаў Святлана Крупская ўзяла Гран-пры за ўласны ролік. Чатырохвілінны мультфільм дзяўчынка здымала ў хатніх умовах. Самастойна напісала сцэнарый з павучальнай гісторыяй.

Галоўных герояў і аб'ёмныя дэкарацыі яна рыхтавала з пластыліну. Згодна з сюжэтам, падзея разгортваецца ў адным з гарадскіх завулкаў з прыватным сектарам. Чатыры дамы спрачаліся, хто з іх самы прыгожы і лепшы.

Адначасова з кінафестывалем у Маскве праходзіла і 6-ая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, дзе Святлана Крупская прадэманстравала яшчэ адзін свой аўтарскі праект – толькі ўжо даследчы. Навуковую працу гімназістка прысвяціла вывядзенню куранят і перапёлак у інкубатары. Яе даследаванне ацанілі дыпломам першай ступені.

Навукова-практычная канферэнцыя ў Маскве сёлета аб'яднала больш за паўтысячы юных вынаходнікаў з розных краін свету. Дэлегацыю з Беларусі прадстаўлялі пераважна школьнікі з цэнтральнага рэгіёна - Нясвіжа, Маладзечна і Слуцка.