Маразы і моцны снег у Гомельскай вобласці

5 февраля 2018

Сапраўдную зіму з маразамі і моцным снегам адчулі на сабе жыхары Гомельскай вобласці.

Аб тым, як там змагаюцца са стыхіяй, распавядзе мая калега Вольга Халадовіч. Гомельская вобласць прыняла зімовую эстафету. Снегу ў нас, як бачыце, не нашмат менш, чым у Маскве. А ў абласным цэнтры за апошнія суткі выпала дэкадная норма ападкаў.

Непагадзь пакінула без электрычнасці больш за 320 населеных пунктаў у краіне, амаль трэцяя частка з іх у Гомельскай вобласці. Мокры снег, моцны вецер і наліпанне на правадах дадалі працы энергетыкам. Усе брыгады перайшлі на аварыйны рэжым працы. Да раніцы без электрычнасці ў Гомельскай вобласці заставаліся 4 населеныя пункты, а да вечара ўсе непаладкі былі ліквідаваныя.

У рэжыме нон-стоп працавалі камунальныя службы, супрацоўнікі МНС і ДАІ. Аказвалі дапамогу перасовачнымі дызель-генератарамі, вызвалялі машыны са снежнага палону. За суткі ў рэгіёне зафіксавалі прыкладна паўсотні ДТЗ, у тым ліку сутыкненне аўтобуса з тралейбусам.

Наталля Халалеенка, інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама: "Большасць ДТЗ адбылася менавіта па віне таго, што вадзіцель не захоўваў хуткасны рэжым, не ўлічваючы той факт, што на такой дарозе тармазны шлях аўтамабіля павялічваецца. У сувязі з гэтым адбывалася масавае ДТЗ. З прычыны гэтага хацелася б звярнуць увагу вадзіцеляў, што пры тармажэнні ўлічвайце, што тармазны шлях будзе значна большы, чым гэта бывае ў летні перыяд".

Рэкордная колькасць снегу - столькі сіноптыкі фіксавалі ў Гомелі апошні раз 70 гадоў таму. Дэкадная норма ападкаў выпала і ў Мазыры.

Іх зброя - лапата і жаданне дапамагчы. Валанцёры дапамагаюць ачысціць двор ад снегу адзінокім пенсіянерам, ветэранам вайны і працы. А заяўку на ўборку снегу можна пакінуць, патэлефанаваўшы на гарачую лінію штаба БРСМ.

Непагадзь дадала працы і медыкам. У Мінскую бальніцу хуткай дапамогі толькі сёння па дапамогу звярнуліся 10 чалавек з галалёднымі траўмамі. У асноўным гэта моцныя ўдары і пераломы галенастопа. Медыкі нагадваюць аб элементарных правілах бяспекі.

Кароткачасовы снег, туман і галалёд сіноптыкі абяцаюць у Беларусі ўвесь тыдзень. Акрамя таго, у некаторых раёнах слупок тэрмометра апусціцца да мінус 18 градусаў. Люты вырашыў нагадаць беларусам, якая яна - сапраўдная зіма.