Манеты шчасця для закаханых

14 февраля 2014

Забыты звычай вырашылі адрадзіць у Палацы Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Здаўна лічылася, што калі малады муж зробіць некалькі манет сваімі рукамі, то і ўтрымліваць сям'ю ў дастатку ён таксама здолее. Праўда, тады, калі гэтая традыцыя зарадзілася, дазволіць сабе раскошу адчаканіць уласную манету маглі толькі прадстаўнікі шляхетных сем'яў. У Гомелі ж чаканіць шчасце змогуць усе маладыя ў дзень шлюбу.


Для чаканкі манет шчасця ў Зімовым садзе палаца ўсталявалі міні-кузню. Матэрыялам паслужыць медзь або алюміній. А гатовую манету можна будзе тут жа кінуць у фантан на шчасце або забраць з сабою, каб захоўваць як фамільную каштоўнасць. Дарэчы, у экспазыцыі палаца ёсць манета, адлітая ў гонар шлюбу ўладальнікаў гомельскага маёнтка - Ірыны Іванаўны і Фёдара Іванавіча Паскевічаў.