Маладым навукоўцам сёлета выдзеляць сто дзяржаўных грантаў

22 января 2017

Гэта ініцыятыва Міністэрства адукацыі прагучала падчас выніковага пасяджэння "Фестывалю моладзевай навукі 2016". Сустрэча стала фіналам гадавой працы. За гэты час каля дзвюх тысяч прадстаўнікоў з усіх ВНУ краіны дэманстравалі свае распрацоўкі і дасягненні. Лідарам стала робататэхніка, даследаванні ў галіне хіміі, біялогіі і экалогіі.

Вадзім Богуш, першы намеснік міністра адукацыі Беларусі:

"Адна з ключавых мэт фестывалю - гэта паказаць, што ў навуцы цікава, гэта прыцягнуць моладзь да навуковай дзейнасці. Ну і тая моладзь, якая ўжо ёй займаецца, каб яна магла мець пляцоўку для таго, каб і вынікі паказаць, і праблемныя пытанні абмеркаваць, сустрэцца са сваімі старшымі калегамі, дзесьці нават знайсці далейшыя перспектывы для прафесійнага росту, паказаць сябе".

Валерый Чарткоў, старшы выкладчык кафедры радыёэлектронікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта:

"Вось гэтая распрацоўка накіравана на сартаванне бытавых адходаў па прынцыпе металічны прадмет або не металічны. Робат па перыметры выяўляе прадмет і па індуктыўным датчыку вызначае метал гэта або не метал".

"Фестываль моладзевай навукі" стартаваў летась упершыню і, паводле слоў арганізатараў, стаў адной з самых знакавых падзей для маладых навукоўцаў Беларусі. Дарэчы, штогод у навуковых даследаваннях удзельнічаюць больш за 90 тысяч студэнтаў і аспірантаў краіны.