Маладых людзей у выбарных органах стане больш

20 сентября 2017

Маладых людзей у выбарных органах стане больш, а ў калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў унясуць асобны раздзел. У будучыні ён пашырыць магчымасці прафкамаў па падтрымцы маладых спецыялістаў. Наконт гэтага ў Горках на форуме моладзевага савета Федэрацыі прафсаюзаў заявіў яе лідар Міхаіл Арда. Паводле яго слоў, адной з асноўных задач на найбліжэйшыя гады стане прыцягненне актывістаў да вырашэння актуальных пытанняў у жыцці краіны. У тым ліку звязаных з занятасцю.

Міхаіл Арда, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Студэнт навучаецца і робіць свае першыя крокі ў самастойным жыцці. І калі ён актыўна ўдзельнічае сёння ў рабоце прафесійных саюзаў, то, безумоўна, калі ён выходзіць маладым спецыялістам і прыходзіць на прадпрыемства, у арганізацыю, ён ужо зусім па-іншаму разумее, для чаго патрэбны прафсаюз".

На базе сельгасакадэміі, якая прымае прадстаўнічы форум, абмеркавалі і найбліжэйшыя перспектывы. Напрыклад, удзел у Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы і ў штогадовым фестывалі "Студэнцкая восень", які стартуе ў Беларусі 15 лістапада.