Магілёўскаму інстытуту Міністэрства ўнутраных спраў - 70

7 апреля 2018

Юбілей адной з найстарэйшых спецыялізаваных ВНУ Беларусі. Магілёўскаму інстытуту Міністэрства ўнутраных спраў - 70. За час існавання інстытут падрыхтаваў звыш 10 тысяч спецыялістаў. Сярод яго выпускнікоў - генералы, кіраўнікі паліцыі Азербайджана, Расіі, Казахстана. З нагоды юбілею яны наведалі альма-матар.

З асвячэння памятнага знака ў гонар выпускнікоў ВНУ, у тым ліку тых, хто змагаўся з бандыцкімі групоўкамі ў пасляваенны час, прымаў удзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пачаліся галоўныя мерапрыемствы юбілейнага для Магілёўскага інстытута года. Ветэранам службы і курсантам за выдатную вучобу ўручаны юбілейныя медалі. У тым ліку гасцям - былым выпускнікам.

Яўген Яршоў, выпускнік Магілёўскага інстытута МУС Беларусі (Казахстан): “Калі сюды пад’язджаў, сэрца моцна білася. Прыемна вельмі сустрэць сваіх калег”.

Магілёўскі інстытут калісьці рыхтаваў міліцыянераў на транспарце для ўсяго былога Савецкага Саюза. Прадстаўнікі 32-х нацыянальнасцяў набывалі тут веды. Для многіх альма-матар стала пачаткам плённай кар’еры.

Міхаіл Меліхаў, саветнік сакратарыята АДКБ (Расія): “Ёсць такая старая прымаўка: забудзьцеся, што вучылі, будзем вучыцца па-новаму. Для Магілёўскага інстытута гэта зусім не характэрна”.

Валерый Круглоў, доктар юрыдычных навук філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта: “Школа рыхтавала ў той час не вялікіх тэарэтыкаў, хаця я стаў тэарэтыкам, а рыхтавала практыкаў”.

І сёння ВНУ рыхтуе тых, хто на перадавой: аператыўнікаў і ўчастковых. Многія працягваюць сямейныя дынастыі.

Уладзіслаў Сокал, камандзір 31-га вучэбнага ўзвода Магілёўскага інстытута МУС Беларусі: “Бацька - маёр у адстаўцы. Я ўжо загадзя ведаў, што мяне чакае, да чаго мне трэба рыхтавацца. Здаецца, нядаўна быў першы курс, але ўжо праз 8 месяцаў выпускны”.

У ВНУ навучаюцца і дзяўчаты, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з прафесіяй міліцыянера. Яны - будучыя інспектары па справах непаўналетніх.

Ірына Яначкіна, курсант 3-га курса Магілёўскага інстытута МУС Беларусі: “Калі я была маленькая, мне заўсёды падабалася глядзець фільмы з удзелам жанчын-міліцыянераў. І вось у старэйшых класах я вырашыла стаць міліцыянерам і выбрала Магілёўскі інстытут МУС”.

Аднак, Магілёўскі інстытут - гэта яшчэ і пляцоўка для даследаванняў (тут працуе 21 кандыдат навук), і для міжнароднага супрацоўніцтва з калегамі з Малдовы, Латвіі, Расіі, Казахстана, Украіны, Азербайджана і Арменіі.

Валерый Палішчук, начальнік Магілёўскага інстытута МУС Беларусі: “Выкладчыкі прыязджаюць да нас, праводзяць стажыроўку, лекцыі. Нашы едуць да іх, таксама ў канферэнцыях прымаюць удзел. Праходзяць спартыўныя спаборніцтвы паміж навучальнымі установамі. Напрыклад, з Разанню кожны год спаборніцтвы па агнявой падрыхтоўцы”.

База Магілёўскага інстытута МУС даўно стала пляцоўкай, дзе адточваюць майстэрства беларускія спецпадраздзяленні. Са складанай паласой перашкод і заняткамі, набліжанымі да рэальнасці.

Зразумела, гэта толькі пачатак шматлікіх мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею ВНУ. Наперадзе і сустрэчы з ветэранамі, і шматлікія патрыятычныя акцыі, міжнародныя канферэнцыі. Першую прымеркавалі да барацьбы са злачыннасцю.