Магілёўскі ліцэіст стварыў разумную дачу

8 апреля 2014

Без умяшання чалавека сістэма сама і ўраджай палье, і праветрыць дом, адпужае няпрошаных гасцей. Пакуль мара любога дачніка толькі ў выглядзе макета. Аднак, па запэўніваннях вынаходцы, электронны дамавік неўзабаве цалкам можа быць укаранёны і ў паўсядзённым жыцці.


Расказвае Уладзімір Сёмкін: Мару дачніка ўвасобіў у жыццё 11-класнік магілёўскага ліцэя Беларуска-расійскага ўніверсітэта Уладзіслаў Шакуноў. Пакуль гэта толькі мадэль. Замест загараднага дома - дэманстрацыйны стэнд. За аўтапаліў, асвятленне і іншыя дзеянні адказваюць датчыкі.


Электронны дамавік можа многае. Акрамя догляду гарода, ён кантралюе святло, вентыляцыю, ацяпленне. Ён нават размаўляе з гаспадаром. А калі ў яго адсутнасць у дом пракраўся хтосьці чужы, на тэлефон прыходзіць СМС. Кіраваць сістэмай можна з любога пункту свету праз Інтэрнэт.


Уладзіслаў Шакуноў, навучэнец ліцэя Беларуска-расійскага ўніверсітэта: Калі, напрыклад, дачнік забыў выключыць святло, то ён можа з любой прылады зайсці на спецыяльную веб-старонку і адключыць асвятленне. Не вяртаючыся дахаты. Або праверыць, уключана яно ці выключана.


На стварэнне гэтай мадэлі ў Уладзіслава пайшло паўгода. Вынаходца прызнаецца: без дапамогі выкладчыкаў не абышлося.


Аляксандр Сугакевіч, выкладчык фізікі ліцэя Беларуска-расійскага ўніверсітэта: Калі быў створаны гэты макет, я шчыра пашкадаваў, што прадаў сваю дачу. Ідэя разумнай дачы носіць яшчэ і экалагічны характар, справа ў тым што гэта ж эканомія і энергетычных рэсурсаў, і водных рэсурсаў, і ўрэшце рэшт нават паліва, каб з'ездзіць паглядзець у якім стане знаходзіцца дача.


Сістэма Разумны дом у свеце ўжо выкарыстоўваецца. Але, у адрозненне ад яе, разумная дача магілёўскага ліцэіста не толькі значна таннейшая. Гэта першы айчынны такі праект. І магчыма, ён знойдзе сваё шырокае прымяненне. Пакуль жа праца Уладзіслава стала лепшай на беларускім конкурсе Энергія і навакольнае асяроддзе. І зараз удзельнічае ў аналагічным міжнародным конкурсе ў Нарвегіі.