Магілёўскія хірургі ўпершыню правялі аперацыю па перасадцы ныркі

8 января 2018

Сапраўдны прарыў зрабілі магілёўскія хірургі. Яны ўпершыню правялі аперацыю па перасадцы ныркі. Дагэтуль у раёнах гаворка ішла толькі пра паспяховыя праекты па адкрыцці аддзяленняў гемадыялізу. Першым шчасліўчыкам стаў жыхар Шклова. Яму спатрэбілася экстраннае ўмяшанне ўрачоў. Па словах спецыялістаў, прааперыраваны зараз знаходзіцца ў стабільным стане. Пра новыя перспектывы Андрэй Ястрабаў.

У пацыента са Шклова няпросты лёс. Амаль 20 гадоў таму яму выдалілі нырку. Затым, праз час выявілі анкалагічнае захворванне ў другой. Некалькі гадоў на гемадыялізе - гэта калі па два-тры разы на тыдзень трэба прыязджаць у раённую бальніцу для ачысткі крыві штучным шляхам.

Дзень ікс настаў напярэдадні Раства, калі пацыенту перасадзілі здаровую нырку ад донара. І зрабілі гэта магілёўскія хірургі.

Яўген Котаў, урач-хірург аддзялення таракальнай хірургіі Магілёўскай абласной бальніцы: "Нам дапамагаў наш калега Ткачоў Леанід Пятровіч. Гэта хірург-трансплантолаг РНПЦ "9-я бальніца г. Мінска". Сасуды працуюць. Некалькі разоў за дзень мы правяраем іх праходнасць".

Зараз пацыента нельга трывожыць. Ён пад строгім назіраннем урачоў. Паводле іх прагнозаў, у выпадку паспяховай рэабілітацыі яго выпішуць ужо праз тыдзень. І ён зможа жыць паўнавартасным жыццём. Чарговы крок для хірургаў і вялізны прарыў для рэгіянальнай медыцыны, да якога ішлі не адзін год.

Ігар Савасценка, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай абласной бальніцы: "Гэта і закупка абсталявання, гэта і перабудова нашай лабараторнай службы. На працягу 2017 года нашы ўрачы-хірургі паспяхова навучаліся ў РНПЦ транспланталогіі. І вось сама аперацыя паказала, што нашы хірургі даволі паспяхова асвоілі гэтую новую тэхналогію".

Сёння толькі ў Магілёўскай вобласці маюць патрэбу ў трансплантацыі 60 чалавек. Але атрымаць шанц на перасадку ныркі штогод удавалася толькі кожнаму другому. Зараз гэта магчыма і ў рэгіёне. Чакаць прыйдзецца менш.

Штогод магілёўскім хірургам удаецца асвоіць з дзясятак новых відаў аперацый. Амаль усе магчымыя ўжо праводзяцца на сэрцы.

Аперацыйныя - быццам кадры з фантастычных фільмаў. Абсталяванне дазваляе адначасова кантраляваць 20 параметраў стану арганізма чалавека. Але галоўнае - вынікі такіх умяшанняў.

Аперацыі на сэрцы, па сутнасці, прасвечаны рэнтгенам. Калі відаць усё, да чаго дакранаецца скальпель або эндаскоп хірурга. Рызыка для здароўя мінімальная. Пацыент ужо праз некалькі гадзін гатовы да выпіскі.

Сама ж бальніца ўжо даўно стала навукова-практычным цэнтрам, дзе абараняюць дысертацыі. Дарэчы, на падыходзе яшчэ чатыры навуковыя працы. А з 1 студзеня тут першымі ў краіне запусцілі новы інвестпраект ранняй рэабілітацыі пасля аперацый на каленным суставе пад назвай "120 дзён" і коштам амаль 300 тысяч рублёў. Гарантыя хуткага, а галоўнае - поўнага аднаўлення.