Магілёўская вобласць адзначыла 80-годдзе

4 февраля 2018

Магілёўская вобласць адзначыла на тыдні свой юбілейны дзень нараджэння - 80-годдзе. Як і бывае ў такіх выпадках, самыя заслужаныя людзі рэгіёна былі ўдастоеныя самых розных узнагарод, у тым ліку і ад Прэзідэнта краіны.

Няма сумненняў, што нашаму ўсходняму рэгіёну ёсць чым ганарыцца. Штогод тут вырабляюць прадукцыі амаль на мільярд долараў. Паспяхова рэалізуецца шмат інвестыцыйных праектаў. Дадаць да гэтага можна дасягненні ў навуцы, мастацтве, спорце. Рэгіён уносіць сапраўды неацэнны ўклад у развіццё ўсёй краіны.

Зрэшты, юбілей - гэта не толькі падстава азірнуцца назад, але і зазірнуць у будучыню. Шматлікія эксперты лічаць, што менавіта Магілёўская вобласць у найбліжэйшы час можа разлічваць на самы імклівы прагрэс і несумненным стымулам тут павінны стаць нядаўнія дакументы, якія маюць дачыненне да лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і Указа "Аб развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці", які ўжо працуе.

Зрэшты, ніякія глабальныя планы немагчыма ажыццявіць без жадання простых людзей, а з гэтым на Магілёўшчыне ўсё ў парадку. Наш карэспандэнт Андрэй Ястрабаў адправіўся да сябе на малую радзіму - у Слаўгарадскі раён, сустрэўся з землякамі і ўпэўніўся ў гэтым.

Для бюджэту сям'і Курыленка - кожная капейка дарагая, усё-такі траіх дзяцей выхоўваюць. Праўда, на жыццё ніколі не скардзіліся, жартуюць, выхаванне не дазваляе. Ды і ва ўсіх пакаленнях свой дабрабыт тут прывыклі каваць самі.

Дочкі зараз не клянчаць купіць упрыгожванні, бо мама - аўтар брэндавых у раёне шпілек і банцікаў. Нярэдка і самі дапамагаюць ствараць мадэлі, пакуль бацька на малочным заводзе ў змене. Сталі выкладваць працы ў сацсеткі. Зараз у іх - 1,5 тысячы падпісчыкаў.

А ўсяго і трэба было – адважыцца пачаць сваю справу.

Калі яшчэ 15-20 гадоў назад у такіх раёнах скардзіліся на беспрацоўе, то сёння хіба што гультай скажа, што працы няма. На 20 чалавек, што на ўліку ў Слаўгарадскім цэнтры занятасці, сёння па тры-чатыры вакансіі.

Вольга Іванова, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Слаўгарадскага райвыканкама:

"71 вакансія ў раёне, з іх па 40 рабочых спецыяльнасцях. Калі ў чалавека няма прафесіі, то мы аплачваем навучанне, пражыванне, праезд. І плюс - матэрыяльная дапамога".

Жадаючых працаваць райвыканкам гатовы падтрымаць і бязвыплатнымі субсідыямі. Амаль тры тысячы рублёў - добрая дапамога. Плюс - бясплатная дапамога ў распрацоўцы бізнес-плана. Святлана Куракова менавіта так і стала першым стылістам на вёсцы.

Субсідыі хапіла на інструменты. За арэнду памяшкання плаціць не трэба. Плюс – льготы па падатках. А галоўнае - паслугі апынуліся запатрабаванымі.

Маладога прадпрымальніка ў вёсцы паважаюць. Калі і дахаты ў Слаўгарад падвязуць, і печ дапамогуць прапаліць. Ад моладзі адбою няма.

А ў раёне ўжо строяць планы, як пашырыць сферы занятасці. Адразу некалькі буйных праектаў у стадыі рэалізацыі. Напрыклад, прадпрыемства з Бабруйска выкупіла ў Слаўгарадзе пляцоўку нерэнтабельнага гароднінасушыльнага завода пад будучую вытворчасць мармеладу, што дасць яшчэ 100 рабочых месцаў.

Плюс - мільён дзвесце тысяч еўра вылучае Еўрасаюз на развіццё сельскага прадпрымальніцтва на левабярэжжы ракі Сож - гэта задзейнічае амаль 13% тэрыторыі, якая прастойвае. Зараз тут ідзе будаўніцтва моста. Замежныя інвестары гатовы фінансава падтрымаць наогул любую цікавую ініцыятыву жыхароў раёна.

У самым разгары і гэтая вялікая будоўля.

Менавіта такая кааперацыя, з моцнымі свету эканомікі, дазволіла рэалізаваць на паўднёвым усходзе краіны ўжо некалькі маштабных праектаў. У Краснополлі пад патранажам найбуйнейшага беларускага вытворцы тэкстылю сталі шыць форменнае адзенне. А гэта - тры дзясяткі новых рабочых месцаў.

Самае галоўнае, адзначаюць інвестары, што ў такіх раёнах улады ацанілі ўсю ступень адказнасці перад людзьмі. Якія любяць сваю малую радзіму і нікуды не жадаюць з'язджаць. У надзеі на працу і зарплату.

Дарэчы, кажучы пра малую радзіму, гісторыя стварэння сельгаспрадпрыемства з такой жа назвай (і няхай не на паўднёвым усходзе, але ўсё ж), як быццам сама напрошваецца ўспомніць пра яе. Гэта тут усё тое, пра што гаварылі вышэй - ужо даўно з поспехам рэалізавалі.

Тут кадры пад уласную вытворчасць гадуюць яшчэ са школы. Узяўшы яе цалкам пад сваё крыло.

Разам стварылі магутную сыравінную базу, пабудавалі царкву, амфітэатр, святы збіраюць да 5 тысяч гасцей. Пленэры па жывапісе праводзяць. Зараз яшчэ і хлебапячэнне вырашылі адрадзіць - заняцца турызмам.

Не дзіўна, што і зарплата тысячу рублёў тут не ў дзівоцтва. А галоўнае - ужо даўно ніхто не жадае з'язджаць з малой радзімы. Перавабіць не можа нават абласны цэнтр.

Для тых, хто яшчэ не зразумеў, дзеля чаго ўсё гэта, Радзіма - лепшае тлумачэнне.