Магілёў сёння разам з усімі адзначае Дзень Вялікай Перамогі

9 мая 2015

Зараз адпраўляемся на Буйніцкае поле. Горад Магілёў. Як тут адзначылі 70-годдзе Вялікай Перамогі? Агляд - ад Андрэя Ястрабава. Мяркуючы па малюначку, гулянні ў горадзе ўсё яшчэ працягваюцца.

Магілёў сёння як ніколі святочны і ўрачысты! Бо 70-годдзе Вялікай Перамогі - знакавая дата для ўсіх пакаленняў. Афіцыйныя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак на Буйніцкім полі.

Менавіта тут у 41-ым савецкія войскі стрымлівалі націск фашысцкай арміі. 23 дні чырвонаармейцы і жыхары Магілёва трымалі абарону. Ушанаваць памяць і пакланіцца іх подзвігу сёння сюды прыйшлі сотні людзей.

Ужо па добрай традыцыі па галоўнай вуліцы Магілёва ў суправаджэнні аркестра ўрачыстым маршам прайшлі падраздзяленні воінскіх часцей.

Самым маляўнічым і ўрачыстым сёння стала шэсце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Героі дня праехалі ў рарытэтных ваенных аўтамабілях. Сотні людзей віталі вызваліцеляў, як і 70 гадоў назад.

Сапраўдная салдацкая паляна з'явілася ў Пячэрскім лесапарку. Арганізатары падрыхтавалі тэатралізаваную праграму. У лесе прыфрантавым - пераможная вясна. Тут, як і шмат гадоў назад, можна было пасядзець ля вогнішча, пакаштаваць салдацкай кашы, паслухаць франтавыя песні.

Сюды, на плошчу Славы ў Магілёве, ужо збіраюцца гараджане і госці абласнога цэнтра. Бо святкаванне працягваецца. Роўна ў 10 вечара пад святочны салют у гонар Перамогі прагучыць і магілёўскае "Ура!".