Магілёў далучыўся да святочнага марафону

9 мая 2019

Да святочнага марафону далучыўся і Магілёў. Усе скверы і паркі ператварыліся тут у вялікія канцэртныя пляцоўкі. Старт шматлікім мерапрыемствам дадзены ля мемарыяла "Буйніцкае поле".

Усе падрабязнасці мы даведаемся ад нашага карэспандэнта Андрэя Ястрабава (прамое ўключэнне). Мы знаходзімся на Буйніцкім полі. Тут у ліпені 1941, праз месяц пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, гараджане, чырвонаармейцы стаялі разам плячо ў плячо, стрымліваючы 23 доўгія дні нямецкую армію.

Другая пасля Брэсцкай крэпасці маштабная бітва на тэрыторыі Беларусі. Нямецкая армія кінула ў кірунку Магілёва танкавую дывізію, пяхоту, авіяцыю. Да 22 ліпеня савецкія войскі ўтрымлівалі пазіцыі. Цаной жыцця. Мірныя залпы на святым для кожнага беларуса ратным полі гучалі сёння як набат. Святочнае шэсце па галоўнай вуліцы горада. Тысячы ўдзельнікаў акцыі "Беларусь памятае". І, вядома, галоўныя героі - ветэраны.

Пад урачысты марш воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона прывітаць герояў Вялікай Айчыннай выйшлі сёння тысячы гараджан. Ва ўсіх парках сёння працуюць канцэртныя пляцоўкі. Частуюць салдацкай кашай, вядома, пад франтавыя песні. А вечарам на плошчы Славы ля ратушы ўсіх чакае канцэрт з удзелам аркестра Узброеных сіл Беларусі і салют.