Мадэрнізаваную версію РСЗА "Паланэз" выпрабавалі ў Гомельскай вобласці

26 октября 2017

Высокая дакладнасць і павялічаная далёкасць пападання. Сёння беларускія вайскоўцы правялі чарговы этап выпрабавання айчыннай сістэмы залпавага агню "Паланэз". У параўнанні з мінулым годам радыус дзеяння павялічаны з 200 да 300 кіламетраў. Пры гэтым захавана высокая дакладнасць пападання.

Мадэрнізаваную версію РСЗА "Паланэз" выпрабавалі ў Гомельскай вобласці. Інфармацыя аб паспяховых баявых пусках з'явілася на афіцыйным сайце Міністэрства абароны сёння каля паўдня. У паведамленні гаворыцца, што "маршрут палёту ракеты быў разлічаны над бязлюднымі і маланаселенымі раёнамі краіны і карэкціраваўся на ўсім яго працягу". Такім чынам, рэактыўная сістэма залпавага агню айчыннай распрацоўкі пацвердзіла заяўленыя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі па далёкасці і дакладнасці.

Дададзім, што на ўзбраенне беларускай арміі "Паланэз" паступіў летась у жніўні. Баявая машына гэтай сістэмы здольная нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях адначасова. Як заяўляюць распрацоўшчыкі, адхіленне ад зададзеных каардынат на максімальнай далёкасці стральбы не перавышае 30 метраў. Распрацоўка была выканана па даручэнні Прэзідэнта Беларусі. Характарыстыкі і вартасці дазваляюць гэтай ракетнай сістэме вырашаць многія баявыя задачы.