Мода на сабак пароды бедлінгтан-тэр'ер набірае абароты ў нашай краіне

3 июня 2013

Знешнасць ягняці і сэрца льва. Так у двух словах можна назваць прадстаўнікоў пароды бедлінгтан-тэр'ер. Мода на такіх сабак у нашай краіне яшчэ толькі набірае абароты. Хаця заводчыкі упэўненыя: бедлінгтаны - незаменны кампаньён для тых, хто шануе ў гадаванцы пачуццё ўласнай годнасці, адданасць і інтэлект.


Вольга Халадовіч больш падрабязна.

Яны ўлюбляюцца ў гаспадара да непрытомнасці. Пры адным толькі яго выглядзе бедлінгтан-тэр'ер прыходзіць у сапраўднае захапленне. А яшчэ любіць быць у цэнтры ўвагі. І ў адрозненне ад іншых жывёл з задавальненнем працуе на камеру.

Гэта любоў з першага погляду. Больш таварыскага і прыязнага сабакі я, напэўна, яшчэ не сустракала. Хаця гэтая бяскрыўдная плюшавая знешнасць даволі падманлівая. Варта толькі камусьці пакрыўдзіць гаспадара, і гэты сабака адразу ператвараецца ў адважнага льва. Але што адметна - бедлінгтана нельга нацкаваць на чалавека спецыяльна і нельга проста так выклікаць лютасць і злосць. Гэтыя якасці ў ім успыхваюць толькі ў выпадку рэальнай небяспекі.

Ігар Насенка - заводчык адзінага ў Беларусі племяннога гадавальніка бедлінгтан-тэр'ераў - займаецца гадоўляй гэтых сабак ужо 15 гадоў. Пачынаў у Расіі, а два гады таму пераехаў у Беларусь. Гаворыць, што для сабак тут выдатна падыходзіць клімат, а яшчэ апошнім часам сярод беларусаў назіраецца мода менавіта на такіх сабак.
Дарэчы, гэтая мода пачалася з вёскі Васілевічы, куды пераехаў Ігар.

Сяргея Грабцэвіча купіць бедлінгтана папрасілі дзеці. Зараз 4-месячная Эльба лепшы сябар усёй сям'і. Заводчык бедлінгтанаў упэўнены, што ў гэтай пароды наогул няма недахопаў. Толькі асаблівасці характару. Гэтыя сабакі не пераносяць грубага абыходжання ні ад людзей, ні ад супляменнікаў. Хаця для чалавека, які хоча, каб гадаванец быў сапраўдным сябрам, гэта хутчэй плюс, а не мінус.