Мабільны дадатак "Мая малая радзіма"

14 апреля 2018

Фінал рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “Сто ідэй для Беларусі” сабраў у Мінску больш за сто ўдзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны. Распрацоўкі прапанавалі ў шаснаццаці намінацыях. Конкурс аб’яднаў школьнікаў, навучэнцаў каледжаў, студэнтаў, а таксама працуючую моладзь і маладых навукоўцаў. Напрыклад, дзевяцікласнік з Віцебскай вобласці распрацаваў мабільны дадатак, які знаёміць усіх жадаючых з турыстычным патэнцыялам Чашніцкага раёна. Мая калега Марына Раманоўская таксама загрузіла праграму на свой гаджэт і гатова падзяліцца першымі ўражаннямі.

Першы і самы вялікі плюс менавіта для мяне - у тым, што праграмай карыстацца вельмі проста. Напрыклад, дастаткова клікнуць па карце - і ў акенцы неабходная інфармацыя. Назва аб’екта, населены пункт, дакладныя каардынаты. Прапаную здзейсніць падарожжа разам.

Міхаіл Дзірко даўно захапляецца падарожжамі па маляўнічых мясцінах роднага краю. З багатай гісторыяй сваёй малой радзімы дзевяцікласнік хоча пазнаёміць і іншых. Для гэтага распрацаваў унікальны мабільны дадатак - гісторыя Чашніцкага раёна цяпер у анлайн-фармаце. Каб здзейсніць ваяж, дастаткова спампаваць дадатак на свой гаджэт.

У турыстычны маршрут ўвайшлі больш за сто славутасцяў з фотаздымкамі і гістарычнай даведкай. Дарэчы, усе здымкі аўтарства школьніка. У асабістым архіве іх некалькі тысяч. У аб’ектыў фотаапарата часцей за усё трапляюць храмы. Хлопец нават прэзентаваў фотавыставу.

Раён, гісторыя, карта, топ-10. Дадатак мае некалькі ўкладак. Міхаіл расказвае: праграмай вельмі проста карыстацца. Адзін клік - і дадатак дапаможа пабудаваць цікавы маршрут для падарожжа. Першымі ноу-хау ацанілі аднакласнікі і настаўнікі. Самы строгі крытык - маці і па сумяшчальнасці куратар праекта. Узгадвае: яшчэ ў пачатковай школе Міхаіл цікавіўся гісторыяй і займаўся даследчай дзейнасцю.

Мабільны дадатак Міхаіл пастаянна дапрацоўвае. У найбліжэйшы час праграма будзе даступна не толькі на беларускай, але яшчэ на рускай і англійскай мовах. Хлопец кажа: вясна - выдатны час для падарожжа. Таму хутка на інтэрактыўнай карце з’явіцца яшчэ больш цікавых турыстычных кропак з фотаздымкамі.