Шматкватэрны дом у вёсцы Сяргеевічы са звычайнага ператварыўся ў занядбаны

24 Кастрычніка 2019
Калі  паўразбураны дом становіцца нормай жыцця! З даху цячэ вада, вокны выбітыя, а сам будынак пакрыўся трэшчынамі. Шматкватэрны дом у вёсцы Сяргеевічы Пухавіцкага раёна са звычайнага ператварыўся ў занядбаны. Пры гэтым сельгасарганізацыя, якой ён і належыць, не спяшаецца з рамонтам, а наперадзе зіма.

Акрамя таго, у аб'екта не ўсё ў парадку і з дакументамі. У сітуацыі разбіраўся Аляксей Кандраценка. Лілія Падаляк адпрацавала ў гаспадарцы "Сяргеевічы" 34 гады, увесь гэты час жыве ў невялікай кватэры. Зараз на пенсіі. Двухпавярховы дом у вёсцы за дзесяцігоддзі ўстарэў, дах таксама.

У доме ёсць электрычнасць, вадаправод, у кватэрах печкі для ацяплення. А вось звонку будынак выглядае не так аптымістычна і жылым яго цяжка назваць. Дастаткова выйсці на вуліцу, каб пераканацца ў гэтым. Большасць кватэр - пустуюць, вокны выбітыя, увогуле - поўная разруха. 

Такія цагляныя дамы, як гэты, у свой час будавалі літаральна на стагоддзі. Але гэтаму, як відаць, не пашанцавала. І вінаватыя ў такой жыллёвай  драме, як высветлілася, яго некаторыя былыя жыхары. 

Двухпавярхоўка некалі належала гаспадарцы "Сяргеевічы". Пазней яе далучылі да суседняй  "Зазеркі". Разам з "актывамі",  а гэта землі, тэхніка, ферма,  адышлі і "пасівы". Ім і стаў гэты дом. Прычым сярод яго жыхароў сёння - толькі адзін супрацоўнік сельгаспрадпрыемства. А ўсяго заселена сем кватэр. Яны не прыватызаваныя. А галоўнае - усе дакументы на дом проста зніклі. 

Нягледзячы на тое, што дом у камунальнай уласнасці аграрыяў, за лёсам людзей сочыць і Навапольскі сельскі выканкам. Разглядаецца варыянт пераезду ў суседні дом. Ён у добрым стане. Можна ўзяць і зямельныя ўчасткі. Але патрэбная ініцыятыва саміх вяскоўцаў.  

Сітуацыю з праблемным домам у вёсцы Сяргеевічы разглядае і Пухавіцкі райвыканкам. Туды накіравалі ліст. Сваё слова скажуць спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, юрысты. Не выключана, што агульнымі намаганнямі дамовяцца аб правядзенні калі не капітальнага, то касметычнага рамонту.