Шматдзетная сям'я з вёскі Ясень атрымала ў падарунак ад Прэзідэнта карову

4 октября 2017

Вялікі падарунак для вялікай сям'і. Шматдзетная сям'я Снігір з вёскі Ясень Асіповіцкага раёна сёння атрымала ў падарунак ад Прэзідэнта карову Белку. Такі незвычайны прэзент - ініцыятыва гаспадыні сям'і Вольгі. З просьбай яна звярнулася на афіцыйны сайт Кіраўніка дзяржавы. І вось такі водгук. У чым унікальнасць гэтага выпадку, чым удалося прыцягнуць увагу Прэзідэнта - рэпартаж Ілоны Красуцкай.

Гісторыя сямейнага шчасця Вольгі і Сяргея, напэўна, здзівіць тых, у каго ў прыярытэтах кар'ера. Усё ж, згодна са статыстыкай Белстата, прадстаўніцы прыгожага полу аддаюць перавагу ствараць сем'і бліжэй да 26 гадоў. У такім жа ўзросце адважваюцца і на першынца. А калі маладыя людзі пазнаёміліся, Вользе было ўсяго 15, жаніх на 3 гады старэйшы. Праз 2 гады згулялі вяселле. На момант шлюбу дзяўчына была самай юнай нявестай і нават трапіла ў кнігу рэкордаў Асіповіцкага раёна. У 17 Вольга нарадзіла першынца Івана. Праз год яму браціка - Кірыла. Яшчэ праз 2 - сына Сяргея.

Але марылі пра дачку. У 23 гады Вольга - шматдзетная мама пяцярых дзяцей. Самыя малодшыя двайняткі Максім і Паліна.

Зразумела, маладая мама ўся ў клопатах. Гадаваць і ўзнімаць 5 дзяцей - няйнакш як подзвіг. Дзеля вялікай сям'і давялося адмовіцца ад вялікага спорту. Выступала за зборную краіны ў штурханні ядра і кіданні дыска. Кандыдат у майстры спорту - Вольга рыхтавалася да Алімпіяды ў Лондане 12 года. Але лёсавызначальная сустрэча змяніла планы. І не шкадуе. Аб спартыўных дасягненнях зараз нагадваюць кубкі. Зрэшты, 5 сваіх маленькіх медалёў лічыць галоўнай узнагародай.

Але і на рахунку бацькі сям’і нямала заслуг. Пра іх не аднойчы згадвалася на старонках мясцовай прэсы. Сяргей Снігір працуе ў гаспадарцы "Ясень-Агра" трактарыстам. Ні адна ўборачная кампанія з яго ўдзелам не абыходзіцца без рэкордаў. У невялікім доме ў 66 квадратаў ідэальны парадак. А яшчэ маюць уласную гаспадарку. Побач з домам разводзяць свіней, курэй, трусоў, цацарак і фазанаў. Да таго ж сям'я Снігір - штогадовыя ўдзельнікі конкурсу "Уладар сяла". Самае частае пытанне ад журналістаў: як удаецца паспяваць? На такое актыўнае жыццё, як сцвярджаюць муж і жонка, іх натхняе асабісты прыклад Кіраўніка дзяржавы. У насычаным графіку Прэзідэнта рэдка бываюць вольныя дні. А калі яны з'яўляюцца, Аляксандр Лукашэнка прысвячае іх клопатам на зямлі.

Улічваючы, што маладая мама ў дэкрэце, працуе толькі муж, вядома, у матэрыяльным плане сям'і Снігір не заўсёды бывае проста. Як гаспадыня Вольга вырашыла напісаць ліст на сайт Прэзідэнта. Распавяла сваю гісторыю і папрасіла аб карміцельцы - карове. Усё ж у сям'і маленькія дзеці, а свой прадукт ніколі не заменіць магазінны. Безумоўна, такую ўнікальную сям'ю Прэзідэнт не мог не заўважыць. І просьбу выканаў. Ад імя Кіраўніка дзяржавы сёння вялікай сям'і перадалі вялікі прэзент - карову Белку.

Падарунак Прэзідэнта - Белка - дае 25 кілаграмаў малака за суткі, а за год - каля 7 600. Для параўнання, гэты паказчык па Асіповіцкім раёне ў паўтара раза ніжэйшы. У падарунак, каб спрасціць клопаты шматдзетнай мамы, яшчэ і даільная ўстаноўка. Спраўдзілася і мара самых малодшых - зараз у іх пакоі двух'ярусны ложак і ноўтбук. Рэч незаменная, бо праз год старэйшаму Івану ў 1 клас. Удзячная сям'я Снігір перадала Кіраўніку дзяржавы кошык садавіны. Яблыкі і вінаград вырасцілі ў сябе ў садзе.

А старэйшыя дзеці Іван і Кірыл змайстравалі для Прэзідэнта ўласнымі рукамі вырабы. Як стараліся - з дзіцячай непасрэднасцю падрабязна распавядалі журналістам.

Па сутнасці, гэты дзень, асабліва для малых, як дзень нараджэння. Адзін на пяцярых. У доме шмат гасцей: тэлеканалы, радыё, газеты. Ну і якое дзіцячае свята без цацак і прысмакаў, усё гэта таксама ёсць у падарункавым наборы ад Прэзідэнта.

Старэйшыя Іван і Кірыл ходзяць у дзіцячы сад. Трое малодшых з Вольгай пакуль дома. Калі падрастуць, з усмешкай будуць глядзець гэтыя кадры. Дарэчы, у сям'і Снігір хутка чакаецца папаўненне. Наступнай вясной мамай стане і карова Белка.