Многія вераць - вадохрышчанская вада вылечвае ад любых хвароб

19 января 2018

А гэтая зімовая традыцыя ўмацоўвае не толькі цела, але і дух. Сёння праваслаўныя адзначаюць адно з галоўных свят царкоўнага календара - Вадохрышча. У гэты дзень вернікі запасаюцца святой вадой і акунаюцца ў палонцы. Па ўсёй краіне зроблена тысячы купеляў. Многія вераць, што вадохрышчанская вада вылечвае ад любых хвароб. Аляксандр Харавец пра тых, каму ледзяная вада надае сілы.

Мільёны праваслаўных вернікаў сёння адзначаюць адно з самых ушанаваных царкоўных свят - Вадохрышча. Ва ўсіх храмах праходзяць урачыстыя літургіі. Невыпадкова сёння святары апранаюцца ў белае адзенне ў знак духоўнага ачышчэння. Разам з вернікамі ўспамінаюць падзеі евангельскай гісторыі аб хрышчэнні Ісуса ў водах Іардана.

Згодна з павер'ем, вада сёння стала асвячонай не толькі ў храмах, а нават у азёрах, рэках і водаправодах. Пасля набажэнстваў вернікі па традыцыі бяруць вадохрышчанскую ваду з сабою. Лічыцца, што свае цудадзейныя ўласцівасці яна не страціць на працягу года. Для многіх галоўная традыцыя гэтага дня - ледзяныя купанні. Лічыцца, што гэты абрад дапамагае змыць грахі і хваробы.

Аляксандр Богдан дзясяты год запар на Вадохрышча акунаецца ў ледзяную купель. Гаворыць, дух захоплівае, а зарад бадзёрасці пасля такога купання ні з чым не параўнаць.

Алена Самойлава выпрабаванне вадохрышчанскай купеллю праходзіць упершыню. Жанчына прызнаецца, што фізічна рыхтавалася доўга. Сёння адважылася акунуцца дзеля духоўнага ачышчэння.

Каб зайсці ў іардань, многім жыхарам Гродна сёння давялося адпрасіцца з працы. Гэтак жа, як і Віктару - першае сваё акунанне ў сцюдзёную ваду ён зрабіў яшчэ ў 8 класе. З таго часу так і павялося - зімой у палонку. І так 30 гадоў запар.

Вопытныя аматары экстрэмальных акунанняў ведаюць, як сагрэцца - бяруць з сабою гарбату і валёнкі. Зрэшты, ля палонак паклапаціліся і пра тых, хто ўпершыню прайшоў выпрабаванне вадохрышчанскай вадой. Прапануюць гарачы булён, каву і нават глінтвейн.

Каб захаваць здароўе на год і акунуцца ў купель многія гатовыя стаяць гадзінамі ў чарзе. Зрэшты, экстрэмальнае акунанне рэкамендавана далёка не кожнаму. І не заўсёды абавязкова, гавораць святары. Бо лечыць не вада, а вера. А вось памыцца святой вадой і зрабіць некалькі глыткоў - цалкам дастаткова верніку.

А тыя ж, хто ўсё ж вырашыць акунуцца, лепш гэта рабіць у спецыяльна адведзеных месцах. Побач з такімі купелямі дзяжураць медыкі і ратавальнікі. А таксама ёсць мабільныя лазні і палявыя кухні.