Мітынг-рэквіем прайшоў ля мемарыяла "Дзецям - ахвярам вайны"

1 июня 2015

Дзяцей, якія так і не даведаліся, якім можа быць шчаслівы мірны час, сёння ўспаміналі ў вёсцы Чырвоны Бераг. Мітынг-рэквіем прайшоў у адзіным на постсавецкай прасторы мемарыяле такога роду - "Дзецям - ахвярам вайны". У лагер смерці дзяцей прывозілі з усіх раёнаў Беларусі. Кроў забіралі для параненых нямецкіх салдат, целы спальвалі. У Дзень абароны дзяцей тут збіраюцца прыкладна паўтысячы чалавек. Студэнты, школьнікі, ветэраны, прадстаўнікі ўлады і жыхары вёскі Чырвоны Бераг. Вянкі і кветкі ў "Мёртвым класе" і да скульптуры "Апаленае дзяцінства", хвіліна маўчання. У памяць усіх дзяцей - ахвяраў вайны - былі выпушчаны ў неба паветраныя шары.

Падчас акупацыі на тэрыторыі Беларусі было створана 16 канцлагераў, у якіх знаходзіліся непаўналетнія. Амаль палова з іх - на тэрыторыі Гомельскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны вязнямі дзіцячых канцлагераў сталі больш за 35 тысяч беларускіх дзяцей.