Свет успамінае ахвяр чарнобыльскай трагедыі

26 апреля 2019
Сёння 33 гады з моманту трагедыі, якая ўвайшла ў гісторыю як адна з самых маштабных катастроф чалавецтва. Выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі падзяліў жыцці многіх беларусаў на да і пасля. Дзясяткі тысяч сямей былі вымушаныя пераехаць у іншыя рэгіёны. 53 раёны Беларусі пацярпелі. Сёння ў Мінску супрацоўнікі МНС ушанавалі памяць тых, хто, не шкадуючы сваіх жыццяў, змагаўся з наступствамі аварыі. 

Генадзь Новікаў, старшыня ветэранскай арганізацыі МНС Беларусі, ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС: "У цэлым у ліквідацыі прымала ўдзел больш як 600 тысяч чалавек - гэта грамадзянскі персанал, рабочыя, навукоўцы вайскоўцы, ну і, натуральна,  пажарныя службы, якія забяспечвалі абарону населеных пунктаў і лясоў. Сёння вельмі важна памятаць аб тым, што чалавечы фактар прысутнічае ў любых справах."

Нагадаем, 23 % тэрыторый нашай краіны пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Да гэтага часу вядуцца працы па рэабілітацыі забруджаных плошчаў. Сацыяльная палітыка накіраваная на паляпшэнне жыллёвых умоў і ліквідатараў ЧАЭС, а таксама іх аздараўленне.