Свет успамінае гадавіну вызвалення Асвенціма

27 января 2015

Сёння свет успамінае іншую падзею 1945-га. У гэты дзень роўна 70 гадоў таму быў вызвалены найбуйнейшы канцэнтрацыйны лагер нацысцкай Германіі - Аўшвіц-Біркенау. Сёння ў польскім горадзе Асвенцімьпройдуць памятныя мерапрыемствы з удзелам былых вязняў, у тым ліку і з Беларусі.

Расказвае Вольга Давідовіч

Трагедыя па-за тэрмінам даўнасці. Сёння Дзень памяці ахвяр халакосту. 70 гадоў таму, 27 студзеня 1945 года, савецкія войскі вызвалілі вязняў Асвенціма - найбуйнейшага нацысцкага лагера смерці часоў Другой сусветнай вайны. Па ступені прадуманасці, тэхнічнай арганізаванасці, масавасці і жорсткасці знішчэння людзей гэты канцэнтрацыйны лагер перасягаў усе вядомыя гітлераўскія лагеры смерці. Трапіць за вароты з лозунгам "Праца вызваляе" значыла адно - выйсці адсюль ужо не атрымаецца. 

Пачынаючы з 1940 года, у Асвенцім штодня прыбывала па 500 вагонаў, у кожным было ад 50 да 100 чалавек, у асноўным яўрэі. 70% усіх прывезеных тут жа адпраўляліся ў газавыя камеры. Астатнія ў баракі. Іх прымушалі працаваць, пакуль у іх былі хоць нейкія сілы, а калі вязень ужо ні на што не быў прыдатны, яго спальвалі ў крэматорыі.

Лявон Вайнтраўб, былы вязень Асвенціма: "Мы прыехалі раніцай пасля двух сутак дарогі. У нас не было вады, ежы. Калі адчынілі дзверы, мы ўбачылі людзей, нібы ў піжамах у белую і блакітную палоску. Яны пачалі нам крычаць: "Хутчэй, хутчэй". Раптам я ўбачыў агароджу з калючым дротам. Гэта было шокам. Мужчыны налева, жанчыны направа. Я сказаў маме, што мы павінны потым сустрэцца ўнутры. Гэта апошні раз, калі бачыў сваіх сясцёр і маці".

Калі савецкія войскі ўвайшлі ў лагер смерці, у ім было каля 7 тысяч вязняў. Многія памерлі на працягу некалькіх дзён, аддаўшы апошнія сілы на радасць ад вызвалення. Усяго ж у Асвенціме за час яго існавання, паводле розных звестак, загінула ад 1,5 да 3 мільёнаў чалавек.

Да мемарыяльнага комплексу, што захоўвае сведчанні злачынстваў фашызму, прыбываюць тыя, хто здолеў тады выжыць - каля 300 чалавек - былыя вязні, а таксама воіны-вызваліцелі канцлагера і прадстаўнікі 42 дзяржаў свету. Сёння тут пройдуць памятныя мерапрыемствы. 

Нашу краіну прадставіць афіцыйная дэлегацыя на чале з паслом Беларусі ў Польшчы Аляксандрам Авяр'янавым. Каля 4 тысяч загінуўшых вязняў Асвенціма - беларусы.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Жахлівыя злачынствы нацыстаў у канцэнтрацыйным лагеры і лагеры смерці Аўшвіц-Біркенау назаўжды застануцца ў памяці беларускага народа, які заплаціў мільёнамі жыццяў за вызваленне Еўропы ад карычневай чумы. Ушанаваць памяць загінуўшых вязняў лагера, сярод якіх былі і беларусы, – гэта наш святы абавязак. Упэўненыя, што народы Еўропы павінны зрабіць усё магчымае, каб падзеі, якія адбыліся ў 1940-1945 гг. у польскім Асвенціме, больш ніколі не паўтарыліся». 
Асвенцім – сумная славутасць, аб'ект вялікага смутку. Але да таго часу пакуль ён існуе, пакуль яго наведваюць людзі, жывая памяць пра жахі вайны, і гэтая памяць вельмі важная для ўсяго чалавецтва.