Свет адзначае Дзень ляўшы

13 августа 2013

Ляўшы Беларусі разам з ляўшамі ўсёй планеты сёння адзначаюць сваё свята. Міжнародны дзень леварукіх упершыню адсвяткавалі 21 год таму з ініцыятывы брытанскага Клуба ляўшэй. Сёння гэтае свята адзначаюць амаль 500 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце.


Улада Карніцкая - пра тых, хто не падобны да большасці.


Адной левай фехтавальшчык Аляксандр Раманькоў стаў заслужаным майстрам спорту, алімпійскім прызёрам і чэмпіёнам свету. Так, жартам, ён адказвае на пытанне, ці складана быць ляўшуном.


Але ж у дзяцінстве леварукасць Аляксандру Раманькову стварыла нямала праблем. Нават калі ён прыйшоў у секцыю па фехтаванні ў адзінаццаць гадоў, да апошняга хаваў гэта і спрабаваў быць, як усе, пакуль на адным з заняткаў трэнер не заўважыў, што левая рука ў хлопца мацнейшая за правую.


І не толькі ў фехтаванні, калі гаварыць пра спорт. Навукоўцы сцвярджаюць: у ляўшэй больш шанцаў на поспех і ў гульнявых відах, і ў боксе. А яшчэ ў большасці прафесій, якія звязаныя з творчасцю, бо правае паўшар'е мозгу, а менавіта яно ў ляўшэй развіта лепш, больш эмацыйнае: адказвае за абстрактнае мышленне, вобразную памяць і пачуццёвую сферу.


І ўсё гэта, як паказваюць даследаванні, характэрна для кожнага дзясятага жыхара планеты. У Беларусі кожны 12-ы - ляўша. Так што сёння ў свеце свята як мінімум у паўмільярда чалавек.


Сярод іх - Біл Клінтан, Біл Гейтс, Міла Ёвавіч, Джулія Робертс, Мікі Рурк і нават мультыплікацыйны герой Барт Сімпсан. Наш суайчыннік Марк Шагал, дарэчы, таксама быў ляўшуном.


Тым часам яшчэ не так даўно ў шматлікіх краінах, у тым ліку і ў нас, ляўшэй перавучвалі. З дзяцінства. Але потым зразумелі, што гэта як мінімум бессэнсоўна, больш за тое, пра гэта ўжо гавораць навукоўцы, можа быць небяспечна.


Псіхолагі адзначаюць, што насільнае перавучванне дзіцяці-ляўшы выклікае псіхалагічны стрэс. А гэта можа прывесці да сур'ёзных нервовых захворванняў. Гэта не толькі правакуе парушэнне ў псіхічным і ў маўленчым развіцці, але і наогул паніжае паспяховасць школьнікаў.


Цікава, што паняцці леварукасці і праварукасці ўжываюцца не толькі сярод людзей, але і сярод прадстаўнікоў жывёльнага свету. Сярод мышэй - амаль 30% ляўшэй, кошкам зручней карыстацца правай лапай, затое ўсе белыя мядзведзі - ужо сапраўды ляўшы.