Свет адзначае 100-годдзе са дня пачатку Першай сусветнай вайны

29 июля 2014

Свет адзначае 100-годдзе са дня пачатку Першай сусветнай вайны, якая да нядаўняга часу была прапушчанай тэмай у падручніках па гісторыі. Максімум - некалькі радкоў. Між тым, тэрыторыя Беларусі падчас той ваеннай кампаніі - адзін суцэльны фронт. Аб беларускім следзе невывучанай вайны - Алена Борматава.


Лес побач з сучаснай дарогай Вілейка - Смаргонь. Яго і зараз мясцовыя жыхары называюць АБОЗ. Сто гадоў таму, падчас Першай сустветнай, тут размяшчаўся лазарэт нумар адзін 29-й пяхотнай дывізіі Другой рускай арміі. Яе яшчэ называлі арміяй Самсонава.


Лазарэт займаў даволі вялікую тэрыторыю. Тут на працягу 400 метраў засталіся яго сляды. Добра відаць абрысы 16 вялікіх шпітальных зямлянак. Яны размяшчаліся ў два рады.


Прыфрантавы шпіталь на стагоддзі змяніў прыродны рэльеф гэтай зямлі. Зусім побач - усяго за некалькіх крокаў - лазарэтныя могілкі. 99 магіл, 12 з якіх - брацкія.


Барыс Цітовіч, заснавальнік фонду Першай сусветнай вайны, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі: Афіцэраў хавалі ў асноўным у грабах. А ніжнія чыны - калі здараліся шматлікія страты - пластамі перакладалі яловымі лапкамі. Там 2-3 пласты цел і без трун.


Вядомыя імёны толькі дзесяці салдат. Пахавана ж некалькі тысяч. Але і гэтай інфармацыі магло не быць. Каб даведацца імёны гэтых дзесяці чалавек, спатрэбіліся дзясяткі гадоў навуковай і архіўнай працы. У 75-ым, калі мастак Барыс Цітовіч збіраў грыбы і наткнуўся на закінутыя лясныя могілкі, тэма Першай сусветнай увогуле ні ўздымалася. Толькі старажылы з вёскі Заброддзе, побач з якой і знаходзіцца лес, сказалі пра лазарэт.


Член саюза мастакоў СССР і Беларусі Барыс Цітовіч стаў не толькі займацца той забытай вайной. Спецыяльную прэмію Прэзідэнта ён аддаў на будаўніцтва капліцы і стварэнне музея Першай сусветнай. Будавалі сабрана - грамадою. Паралельна займаліся навуковай працай і зборам матэрыялаў. Капліца ў гонар першых кананізаваных святых Барыса і Глеба стала помнікам воінам адразу дзвюх кампаній Першай і Другой сусветных войнаў.


Барыс Цітовіч, заснавальнік фонду Першай сусветнай вайны, навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі: Тут былі нямецкія кулі, якія ляцелі ў нашых продкаў, якія многіх забілі. Зараз на гэтым месцы памінальныя свечкі.


Падчас Першай сусветнай на нашых землях загінуў кожны 7 беларус. Фронт расцягнуўся аж на 450 кіламераў. Але менавіта землі Вілейшчыны спынілі кайзераўскія войскі. І не далі прайсці ўглыб імперыі.