Мінус 6 мільярдаў недэнамінаваных рублёў з бюджэту

18 ноября 2016

Амбіцыйны праект па імпартазамяшчэнні 8 гадоў таму запусцілі нейкія светлыя галовы. Планавалася, што Акадэмія навук распрацуе формулы, а адпаведныя прадпрыемствы запусцяць вытворчасць пестыцыдаў, якія зараз закупляюцца за мяжой. Дзяржпраграма і праўда была вялікай па сваім размаху. Планавалася, што паспяховы яе вынік дазволіць штогод пакідаць у казне да 100 мільёнаў долараў, якія да гэтага ішлі за мяжу для куплі аналагічных прэпаратаў. Але грандыёзныя планы так і засталіся толькі на паперы. У выніку за 8 гадоў айчынны тандэм навукоўцаў і вытворцаў пестыцыдаў змог выпусціць у продаж толькі адзін запланаваны ўзор. І гэта прытым, што праект дзяржпраграмы прадугледжваў стварэнне 27 прэпаратаў.

Чаму вялікія планы разбіліся аб маленькія нелады, на калегіі дзяржкантролю разбіраўся Юрый Шаўчук. Абмеркаваць сітуацыю, якая сёння складваецца вакол вытворчасці, продажу і закупкі пестыцыдаў, трэба было ўжо даўно. Ужо занадта шмат у гэтай тэме прабелаў і белых плям. У выніку сабраць усіх зацікаўленых асоб у сценах дзяржкантролю вырашылі рэвізоры. Галоўнае пытанне калегіі - зрыў дзяржаўнай праграмы "Хімічныя сродкі абароны раслін". Усё пачалося яшчэ ў 2008 годзе, калі Акадэмія навук атрымала заданне на распрацоўку айчынных пестыцыдаў. У амбіцыйных планах дзяржпраграмы гаварылася, што ўжо праз некалькі гадоў беларускім аграрыям не трэба будзе закупляць хімікаты за мяжой. Толькі па самых сціплых падліках, такое імпартазамяшчэнне дазволіла б штогод пакідаць у краіне 100 мільёнаў долараў.

Навукоўцы павінны былі распрацаваць 27 прэпаратаў. Гэта пакрыла б патрэбы сельскай гаспадаркі на 80 %. Але гады ішлі, а належнага выніку так ніхто і не бачыў. У выніку Акадэмія навук усё ж распрацавала 13 тэхналогій пестыцыдаў. Але ў вытворчасць на Гроднарайаграсэрвіс трапіў чамусьці толькі адзін прэпарат - фунгіцыд ЛАЭРТ.

Выпускаецца ЛАЭРТ з 2013 года. Але так ужо атрымалася, што нават гэты прэпарат не можа канкурыраваць з імпартнымі аналагамі. Хоць, па сутнасці, хімікаты абсалютна ідэнтычныя, вось толькі на айчынны аналаг чамусьці няма попыту.

Але зрыў дзяржаўнай праграмы - не адзіная праблема ў гэтай галіне. Падазроныя закупкі і тэндары і нават адкрыты крадзеж пестыцыдаў. Усё гэта таксама прыцягнула ўвагу рэвізораў.

Па выніках калегіі кантралёры зрабілі канкрэтныя рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў і недахопаў. Усяго правальны праект пад кодавай назвай "Пестыцыды 2" каштаваў казне 6 мільярдаў недэмінаваных рублёў. Усе неэфектыўна выдаткаваныя грошы рэвізоры ўжо прапанавалі вярнуць тым, хто вінаваты ў зрыве дзяржаўнай праграмы. І вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Літаральна напярэдадні Акадэмія навук прыняла рашэнне вярнуць у бюджэт амаль паўтара мільярда недэнамінаваных рублёў.